Паводле яго слоў, няправільна сфарміраваную паставу ў свеце маюць ад 48 да 84% дарослых. Дзмітры Цесакоў падкрэсліў, што гэта статыстыка “высокаразвітых цывілізаваных дзяржаў”.

Гэтыя лічбы кажуць пра тое, наколькі людзі фізічна сочаць за сабой і наогул “фізічна культурныя”.

“Адносна дзяцей, лічбы, на жаль, таксама не супакойваюць, – сказаў Цесакоў. – У Беларусі да 70% дзяцей з пачатковага этапу развіцця да сталага падлеткавага перыяду могуць мець ненармальна сфармаваную паставу. Таму што гэта дзеці, якія маюць адпаведных бацькоў, якія часам не з’яўляюцца станоўчым прыкладам для пераймання”.

Вынік ненармальнага фармавання паставы – ненармальная эксплуатацыя пазваночніка. Ён зношваецца ў больш раннім узросце, растлумачыў Цесакоў. Наступствы – ювенільныя астэахандрозы, ненармальныя астэахандрозныя праявы ў дарослым узросце. Ён адзначыў, што сёння ідзе “павальнае амаладжэнне так званага дыскагеннага радыкуліту, паяснічнага, шыйнага і г.д.”.

Дэфармацыйныя паражэнні пазваночніка сёння найбольш распаўсюджаныя захворванні. Артапедычную дэфармацыю пазваночніка той ці іншай выяўленасці маюць 5% насельніцтва планеты.

У цэлым у Беларусі сёння на 100 тысяч дзяцей прыпадае прыкладна 3800 – 3900 дзяцей з рознымі паражэннямі касцёва-мышачнай сістэмы і парушэннямі апорна-рухальнага апарату. І штогадовы прырост складае каля 1,5 дзіцяці з паталогіямі.

Артапед адзначыў, што па гэтым паказчыку сярод развітых краін Еўропы і Амерыкі Беларусь знаходзіцца прыкладна пасярэдзіне.

Паражэнні касцёва-мышачнай сістэмы і парушэнні апорна-рухальнага апарату могуць быць прыроджанымі, а могуць развівацца ў працэсе росту і развіцця дзіцяці, сказаў Цесакоў. Напрыклад, пасля нагрузак, што траўмуюць востра або хранічна, як вынік перанесеных паражэнняў.