Як метафарычна сказаў псіхолаг Джон Грэй, мужчыны – з Марса, жанчыны – з Венеры. Аднак насельнікі розных планет у рэальным жыцці імкнуцца зразумець сутнасці адзін аднаго.

Такую спробу зрабіў і пісьменнік Януш Вішнеўскі. Не, ён не імкнуўся дапамагчы іншым мужчынам спасцігнуць жанчын, наадварот, гэта кніга дапамагае раскрыць мужчынскую сутнасць. Канешне, хто як не мужчына можа расказаць лепш пра самога  сябе.

Аднак гэта не проста роздумы аднаго з прадстаўнікоў моцнага полу, усе словы ў кнізе “Навошта патрэбныя мужчыны” аўтар падмацоўвае навуковымі звесткамі, статыстычнымі дадзенымі.

Як рэнтгенам Януш Вішнеўскі разглядае мужчыну і з фізіялагічнага боку, праводзіць “інтымную геаграфію”, зазірае і ў душу. Так пісьменнік спрабуе высветліць, чаго баяцца мужчыны, ці могуць быць вернымі, як пакутуюць прадстаўнікі моцнага полу.  Як не дзіўна, аўтар знахо­дзіць адказ на пытанне, ці праўда, што жанчыны лепшыя за мужчын.

Ужо напачатку аўтар шакіруе чытача выказваннямі: “Жанчыне, каб легчы з мужчынам у ложак, неабходна адчуванне блізкасці, даверу і трываласці сувязі, мужчыну – галоўным чынам – месца…” Дзякуючы падобным шакіруючым выказванням, параўнанню моцнага і слабага полу пісьменнік увесь час трымае чытача ў цікаўнасці, якія ж мы на самой справе.

Не абыходзіцца Януш Вішнеўскі і без цікавых лічбаў, якія надаюць грунтоўнасці кнізе. Не верыць у некаторых момантах – не атрымліваецца. Прывядзём некаторыя лічбы з твора.

Беспрацоўным мужам жонкі здраджваюць часцей

Фота creu.ru.

Фота creu.ru.

1. Даследаванні, праведзеныя ў 2001 годзе сярод амерыканскіх студэнтаў, паказалі, калі жанчыны хацелі б мець за жыццё ў сярэднім чатыры-пяць партнёраў, мужчыны мараць аб 18 жанчынах.

2. Пік разводаў у свеце па дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя прыходзіцца на пяты год сумеснага жыцця.

3. Радзей здраджваюць мужчыны, калі яны бедныя, а партнёрка – багачка. Толькі адна са 100 жанчын, якая ўступіла ў сувязь з прадстаўніком багатай эліты, рашаецца на здраду, у той час як беспрацоўным мужчынам здраджваюць каля 30% іх партнёрак.

4. У Іране існуе “пробны шлюб”. Аднак мужчына і жанчына павінны заключыць дамову паміж сабой. Тэрмін яе можа доўжыцца ад некалькіх хвілін да 99 гадоў. Першая жонка пры гэтым не абавязана нават ведаць пра гэта.

5. Больш за 67% тых, хто здраджвае жонцы, жывуць у страху, што гэта стане вядома.

6. Ва ўзросце старэй за 50 гадоў верагоднасць таго, што мужчына кіне жонку і будзе з маладой палюбоўніцай на 73% вышэй, чым ва ўзросце ад 30 да 45.

Застаецца чакаць падобную кнігу і пра жанчын. Аднак галоўнае, каб у прадстаўніцы прыгожага полу, якая возьмецца за такую працу, не атрымалася сітуацыя, як у анекдоце. Навукоўцы зразумелі, чаго хоча жанчына, аднак яна ўжо перадумала.