Ці ведаеце вы, як у 70-х, 80-х ды і 90-х гадах мінулага стагоддзя было звычайнай справай пазычаць убор на нейкую ўрачыстасць?
Грошай у людзей не было, а калі ў каго і былі, то ўсе ж клалі на ашчадную кніжку – збіралі для дзяцей, унукаў, на чорны дзень і яшчэ невядома на што. Шмат хто меў і вялікія сумы, але ж яны там – на кніжцы. Не ведалі людзі тады, што ў грошай таксама ёсць свая энергетыка, і калі яны не запатрабаваныя доўга, то могуць дзіўным чынам знікаць. Вось ці не ва ўсіх і зніклі.
Вялікую ролю адыгрываў дэфіцыт. Вельмі складана было купіць нешта годнае, калі ў цябе няма блату. Толькі па блаце можна было набыць імпартныя тавары, якія сапраўды былі прыгожыя і высокай якасці. Вядома, нятанныя.
Дык вось калі збіраліся на якую-небудзь вялікую ўрачыстасць, як вяселле, праводзіны ў армію, юбілеі, дык нешта пазычалі ў сябровак ці ў радні. Але хто пазычыць, то абавязкова з гэтай рэччу нешта здарыцца. Ну, проста як бяда якая.
Пазычыла мая знаёмая ў сяброўкі сукенку на вяселле схадзіць. Паехалі яны з мужам недзе далёка, завялі там да некага ў дом, дзе будуць і начаваць. Яна ж ужо сукенку не адзявала ў дарогу, каб жа не памялася. Папрасіла ў гаспадароў прас трохі яе пагладзіць. Уключыла, паставіла на вызначаную тэмпературу. І раптам, паставіўшы яго на сукенку, прапаліла не толькі з аднаго боку, але і на другі прайшло. Аказваецца, прас той быў сапсаваны, сам не адключаўся, трэба было з разеткі вілку выцягваць. Колькі было слёз, а яшчэ ж і няма чаго адзець, а што сяброўцы сказаць. Гэта проста было гора.
Другі выпадак яшчэ быў мудрэйшы. Набрала цётка ў сваёй пляменніцы ўбораў на нейкае там мерапрыемства – ну, што падыдзе. Пайшла тая з мужам ў госці такая ўся прыбраная. Усё было добра, яна ў настроі, на танцах мужчыны запрашаюць, звяртаюць на яе ўвагу. Але гэта было да таго часу, пакуль муж добра не выпіў і не пачаў яе раўнаваць. Прыйшлі дадому, а ён як усялякімі словамі абражае, кажа: “Што, накупляла ўбораў, мусіць мяне ўжо хочаш кінуць!”. Схапіў усе тыя ўборы, панёс на вуліцу і пасек.
Плакала цётка, плакала пляменніца, бо гэта ж усё купіла ёй маці, яна яшчэ сама грошай не зарабляла, вучылася ў ВНУ. Маці сварылася на дачку, але што зробіш, нічога не вернеш.
Трэці выпадак пазычання таксама быў сумны. Паехала адна мая знаёмая за мяжу, у Германію, па нейкім абмене. Накупіла там сабе розных убораў і туфелькі на шпільцы. Такія прыгожыя, чорненькія, лакавыя. Чаму яна дала іх сваёй знаёмай, калі нават і сама яшчэ не абувала – невядома. Але тая фарсіла на юбілеі, пакуль на танцах абцас не засеў у падлозе і не адарваўся. На гэты раз давялося жанчыне выкупіць новыя туфлі з адарваным абцасам.
Фота cutur.ru.
Адна мая знаёмая прыбегла да мяне ў слязах, кажа, што пазычыла ў сяброўкі блузку, ні разу не адзявала, вісела ў шафе. Дастаю, не магу дастаць, так зачапілася за шпільку на суседняй адзежыне, у выніку – наперадзе зацяжка праз усю блузку. Аддала ёй, нічога не сказаўшы, і да сёння перажывае, чаму так брыдка зрабіла.
Нямала прыкладаў можа кожны прывесці. Мая калега, пачытаўшы толькі што напісаны артыкул, расказала пра сваю маці, як тая пазычыла свой прыгожы касцюмчык сяброўцы, а вярнулі ёй такі, што толькі на дзіця можна было апрануць. Відаць, памылі ў гарачай вадзе ў пральнай машыне.
Добра, што цяпер няма неабходнасці нічога пазычаць. Пайшоў на рынак, у крамы, выбар жа ёсць. Можа, і складана знайсці сабе тое, што даспадобы, але, задаўшыся пошукам, знойдзеш. Ды і грошы не на кніжцы. А я з цягам часу прыйшла да высновы, што ў нас усё жывое і мае сваю энергетыку. Ну, не падабалася нашым сукенкам, касцюмам, туфелькам і блузкам, што іх некаму перадавалі. Нездарма ж у народзе кажуць: Як не даў, дык не сусед, а як даў, то сабе нет”. І гэта тычыцца не толькі адзення.
Добра, што цяпер няма неабходнасці нічога пазычаць, усё ёсць на рынку. Фота lavis.com.ua.