Двор, у якім я жыву, можна лічыць самым класічным прыкладам двара і дома, дзе ўсім да ўсяго справа.
Не, тут не праводзяць позіркам са словамі: “Наркаман і прастытутка”, але ведаюць, у колькі гадзін і хто цябе праводзіць ці падвозіць дадому.
Тут у двары разам святкуюць святы, абмяркоўваюць навіны горада і ўсяго свету. Дзеляцца карыснымі парадамі, пачутымі ад самой Алены Малышавай.
Зусім нядаўна чую з балкона, як суседкі далёка за бальзакаўскі ўзрост абмяркоўваюць сродкі ад расстройства страўніка.
У гэты час да пад’езда пад’язджае машына, з якой выходзіць наш сусед, салідны дзядзька на саліднай машыне – Аляксандр, здаецца, Мікалаевіч.
Калі ён параўняўся з лаўкай з нашымі мясцовымі “ЦРУшніцамі”, яго мама паказвае на яго пальцам і на ўвесь двор выкрыквае:
– А вось калі ў Сашачкі быў панос…
Я з трэцяга паверха ўбачыла, як на лысіне “Сашачкі” выступілі буйныя кроплі поту.
І ці ведаеце вы, які сродак ад паносу самы дзейсны па версіі дваровай медыцыны?
Кока-кола! Праўда-праўда, у “Сашачкі” як рукой зняло.
І вось літаральна на днях вяртаюся з працы.
Вядома, тут ні для каго не сакрэт, што я працую ў газеце.
І тут адна з суседак просіць:
– Наташа, можа б ты напісала ў газету, каб нам з двара прыбралі гараж. Напішы, што мы, жыхары дома, супраць таго, каб пасярод двара стаяў гараж. Хай яго службы адпаведныя разбяруць. Бо перашкаджае! Калі за ім сядзіш на лаўцы, не відаць, хто заходзіць у пад’езд. Непарадак!