У нядзелю вечарам у 90-гадовым узросце памёр кінарэжысёр Анджэй Вайда.
Што варта ведаць пра гэтага польскага кінамастака нам, беларусам?
1. Аўтар фільма пра Страмінскага
Аўтар фільма “Павідокі” пра мастака-авангардыста Уладзіслава Страмінскага, біяграфія якога цесна звязаная з Вілейкай, Мінскам, Ракавам. Сёлета “Павідокі” быў вылучаны ад Польшчы на Оскар у намінацыі “Найлепшы неангламоўны фільм”.
2. Рэжысёр фільма “Катынь”
У 2007 годзе выйшаў фільм “Катынь”, які расказвае пра катынскую трагедыю, які паказвае як жанчын, што чакаюць сваіх мужоў, сыноў і бацькаў з савецкіх канцлагераў, так і жыцці саміх афіцэраў Войска Польскага, якія патрапілі ў савецкую няволю. Даследчыкі ацэньваюць колькасць беларусаў, знішчаных у Катыні, ў 1226 чалавек – кожная трэцяя катынская ахвяра.
3. Фільм “Хроніка любоўных здарэнняў”
Расказвае пра лёс віленскага хлопца Вітэка і яго дзяўчыны Аліны. Дзеянні разыгрываюцца ў 1939 годзе ў горадзе над Віліяй, Вільні. Вітэк збіраецца ад’язджаць за мяжу. Аліна прыходзіць да яго на спатканне ў шлюбным убранні… У апошнім кадры маладая пара засынае над берагам ракі. Іх будзяць гучныя гукі сірэн. 1-е верасня. Дзень пачатку другой сусветнай вайны, якая змяніла не толькі лёс Віленшчыны, але і ўсяго свету.
4. Драма “Чалавек з жалеза”
Другі фільм з дылогіі “Чалавек з мармуру”, “Чалавек з жалеза”. Дзеянні адбываюцца ў пачатку 1980-х у камуністычнай Польшчы, якую ахапіў забастовачны рух. Гэта быў пачатак краху сацыялізму ва ўсёй Усходняй Еўропе. У той час, калі на межах тады савецкай Беларусі войскі, гатовыя ў любы момант перайсці іх, у Гданьску вырашаліся лёсы не толькі Польшчы. Прэм’ера фільма адбылася ў 1981 годзе. Крытыкі адзначалі амаль адсутнасць часу паміж рэальнымі падзеямі і іх увасабленнем у гэтым буйным мастацкім творы.
5. Уганараваны ў Беларусі
Уганараваны доктарскай ступенню doctor honoris causa ад Беларускай акадэміі мастацтваў у знак прызнання сусветнай значнасці яго творчасці.