“Чацвёра ў калысцы” –  так называўся матэрыял, надрукаваны ў “Рэгіянальнай газеце” амаль сем гадоў таму. Напярэдадні Дня маці мы сустрэліся з героямі нашай колішняй публікацыі – чацвярнёй з Ашмянаў  і іх мамай Марыяй Лукашэвіч.

Сустрэлі нас ужо першакласнікі Кірыл, Вадзім, Ірына і Карына. Адразу павялі  да сябе ў пакоі.

У хлопцаў усё як мае быць: машыны і канструктары. Нават музычны інструмент – іоніка. Праўда, іграць пакуль не навучыліся.

У пакоі дзяўчат – усё ў ружовых тонах. А на дзвярах і сценах вялікія налепкі з прынцэсамі.

Брацікі і сястрычкі ходзяць у адзін клас. Здаецца, знешне яны не вельмі падобныя.

Ірына бялявая з блакітнымі вачыма. Кажа, што ёй падабаюцца доўгія валасы.

Карына. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Карына. Фота Аляксандра Манцэвіча.

А вось Карыне нядаўна зрабілі стрыжку. Новая прычоска вельмі пасуе да яе карых вачэй і смуглявага тварыку.

Па словах Марыі, знаёмыя заўважаюць, што да Карыны крыху падобны чарнявы  Вадзім.  А ў Кірыла шмат агульнага з Ірай.

Калі дома ціха, значыць, дзеці яшчэ ў школе

1 верасня Лукашэвічы пайшлі ў школу. Яна побач. І гэта вельмі зручна.

Выхавальніца ў групе падоўжанага дня Вольга Міхайлаўна пакуль яшчэ блытае дзяцей.

З падарункамі ад РГ. Фота Аляксандра Манцэвіча.

З падарункамі ад РГ. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Дзяўчынкі ўжо крыху ўмеюць чытаць. Карына навучылася сама. Хлопцы ж – пакуль не. Але затое Кірыл і Вадзім ходзяць на футбол і на спевы.

Кірылу і Карыне ў школе падабаецца пісьмо. Вадзіму – матэматыка, Ірыне – маляванне. Урокі ў першым класе задаюць толькі на выхадныя. Дзеці робяць іх па чарзе з мамай ці бабуляй Рэгінай.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Мама прызналася, што калі ў кватэры ціха, дзеці або глядзяць мульцікі, або яшчэ не прыйшлі са школы.

– Калі ж мы прыходзім са школы, то чуюць усе суседзі, – з усмешкай кажа Марыя.

Часам яшчэ і сябры-аднагодкі ідуць у госці. А сябры ў кожнага свае. Тады ўвогуле весела.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ёсць у дзяцей  і мары пра будучую прафесію. Праўда, яны часта мяняюцца. Хлопцы яшчэ нядаўна хацелі стаць салдатамі. Цяпер Кірыл бачыць сябе гоншчыкам, а Вадзім – кіроўцам. Яшчэ адзін варыянт – стаць міліцыянерамі і “ганяць на байках”.

 Дзяўчаты  хочуць працаваць дактарамі.

Клапатлівая бабуля, якую не прагнаць ад пліты

З самага нараджэння дзяцей Марыне дапамагае гадаваць мама. Часам сустракае ўнукаў са школы. У будныя дні заўсёды гатуе.

– Пойдзем, прагонім бабулю ад пліты. Няхай з намі сфатаграфуецца, – крыкнулі хлопцы і пабеглі на кухню.

Але адцягнуць бабулю ад пліты ў іх ўсё ж не атрымалася.

Малявалі маму. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Малявалі маму. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Уладзіміра, бацькі чацвярні, дома не было. З ім мы сустрэліся на парозе: мужчына спяшаўся на працу.

Марыя прызнаецца, што пасля дэкрэтнага адпачынку вельмі хацела на працу. Цяпер яна бухгалтар на мясакамбінаце. На працы як шматдзетная мама мае адзін вольны дзень на тыдзень.

Кажа,  часта здараецца так, што дзеці па чарзе пачынаюць хварэць. Тады з аднаго бальнічнага прыходзіцца ісці на другі, пасля – на трэці. Але кіраўніцтва на працы ставіцца да гэтага з разуменнем.

Часу на сябе, дзеліцца Марыя, застаецца мала. Але яна змагла вывучыцца і атрымаць правы кіроўцы. Бо па-іншаму ў яе сітуацыі проста немагчыма: паліклініка, садок, летні адпачынак.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Летам дзеці разам з бацькамі былі на возеры, у вёсцы ў прабабулі. Вельмі эмацыйна расказалі пра тое, як ездзілі ў аквапарк.

– У ваду там можна з’язджаць з дзвюх горак, – дзялілася ўражаннямі Ірына. Для дзяцей ёсць маленькая, для дарослых – вялікая. А ведаеце, мы з’язджалі з той, якая… для дарослых! І не баяліся. Побач жа былі мама з татам.

Дзіцячы дзень нараджэння адзначаем, як вяселле

Адзін на чацвярых дзень нараджэння 5 лістапада кожны год адзначаюць шыкоўна. Як вяселле, кажа Марына. Спецыяльна нават нікога не запрашаем, але ахвотных павіншаваць чацвярню заўсёды шмат.

Дзень шчаслівай мамы пачынаецца прыкладна ў 6:50. Ад 7:00 пачынае будзіць дзяцей. За 20 хвілін усе прачынаюцца.

Часам здараецца наадварот: дзеці раніцай прыходзяць будзіць бацькоў. Да 8:30 Марыя або яе муж Уладзімір вядуць дзяцей у школу, пасля ідуць на працу.

Ірына. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ірына. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Увечары дзеці павінны пераапрануцца, акуратна скласці школьную форму. А раз урокаў пакуль не задаюць, хлопчыкі і дзяўчынкі адпачываюць.

Яны любяць гуляць у канструктар і глядзець мульцікі.  А яшчэ гуляюць у камп’ютарныя гульні. Толькі бацькі ўпэўненыя: камп’ютар –  рэч спакуслівая, ды не карысная. Таму кожнаму пасля школы  дазваляюць пагуляць толькі паўгадзіны.

Хлопцы паказалі свой планшэт. Нават паспрабавалі навучыць нас гульням. Праўда, безвынікова.

– А ці дзеліцеся вы з сястрычкамі планшэтам, – пытаюся ў хлопцаў.

Фотасесія для супрацоўнікаў РГ. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фотасесія для супрацоўнікаў РГ. Фота Аляксандра Манцэвіча.

– Не, навошта, – адказвае Вадзім. – У іх камп’ютар свой ёсць. І тут жа – да Карыны:

– А пакуль вы ў школе былі, я ў ваш камп’ютар гуляў!

Усе чацвёра любяць катацца на раварах. Але, як прызнаўся Вадзім, тры пакуль паламаныя. Карыстаюцца адным па чарзе.

На пытанне, ці часта да іх прыязджаюць журналісты, Марыя згодна ківае. А Іра ўздыхае  і выдае:

– Нават не ведаю, калі гэта скончыцца.

Мама пра дзяцей

– Цяпер з імі куды лягчэй. Нават не параўнаць з тым часам, калі толькі нарадзіліся.

Кажуць, да трох год дзяцей нельга караць, нельга крычаць на іх. Я так і рабіла. Аднак цяпер разумею, што, можа, і дарма.

Бо часам ад дзяцей хочацца большай паслухмянасці. Біць іх не б’ю, але прыходзіцца і прыкрыкнуць. Напрыклад, каб прыбралі за сабой.

Ва ўсіх ёсць свае абавязкі. Па суботах яны павінны заслаць ложкі, падмесці кожны ў сваім пакоі, памыць падлогу. Часам пасля такой прыборкі мне трэба перамываць, але ж справа не ў гэтым. Няхай і яны адчуваюць, што маюць адказнасць.

Карына больш часу любіць праводзіць на кухні. Ёй цікава, як мы з бабуляй гатуем, што дадаём у стравы.

Ірына ж, наадварот, больш сябруе з хлопцамі, гуляе з імі ў футбол.

Лідар з іх, напэўна, Кірыл. Калі ён глядзіць мультфільмы, усе глядзяць разам з ім.

Вось такая бабуля атрымалася ў хлопцаў. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Вось такая бабуля атрымалася ў хлопцаў. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Хатняй працы, вядома, шмат. Часам не памятаю, чыя, напрыклад, сукенка або кашуля. Але дзеці заўсёды ведаюць свае рэчы, падказваюць мне.

Як бы ні была занятая, вечарам заўсёды знаходжу час падысці да кожнага, пацалаваць і пажадаць добрай ночы.

Дзеці пра маму

Кірыл:

– Мама ў нас прыгожая. Часам яна можа быць злосная. Калі мы яе не слухаем, не хочам спаць.

Вадзім:

– Мама добрая. Заўсёды адпускае нас пагуляць на вуліцу, пакатацца на ровары. Я люблю маму.

Вадзім. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Вадзім. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Ірына:

– Мама наша цудоўная, але і строгай бывае часта. Напрыклад, калі я нешта не зраблю: не падмяту ці не прыбяру свае рэчы.

Карына:

– Мама заўжды паслухмяная. Робіць усё, пра што мы яе папросім. І мы стараемся быць паслухмянымі ў мамы.