Сёлета ў вёсцы Кастыкі Людвіноў­скага сельсавета пад кіраўніцтвам аўтара гэтай публікацыі правялі археалагічныя раскопкі курганнага могільніка 11-12 стагоддзяў.

Курганны могільнік Кастыкі адносна невялікі, сёння ў ім налічваецца меней за два дзясяткі насыпаў. Але ён вельмі важны помнік для беларускай археалогіі. Можна сказаць, што фактычна з Кастыкаў пачыналася вывучэнне старажытнасцяў Вілейшчыны ў сярэдзіне 19 стагоддзя. І гэта зусім не перабольшванне, бо ўпершыню ­адзін курган у Кастыках раскапаў яшчэ Канстанцін Тышкевіч у 1856 годзе падчас сваёй знакамітай экспедыцыі па рацэ Віліі.

У 1973 годзе раскопкі курганоў у Кастыках праводзіў вядомы беларускі археолаг Яраслаў Звяруга, які даследаваў сем пахавальных насыпаў. Падчас раскопак 1973 года знайшлі, што пахаванні ў курганах здзяйснялі па абрадзе трупапакладання галовамі на захад і суправаджалі кругавымі гаршкамі і нешматлікімі ўпрыгажэннямі. У адным з курганоў знайшлі жалезную сякеру.

Што знайшлі ў Кастыках

Сёлета даследаванні курганоў у Кастыках аднавілі ў межах вывучэння пахавальнага абраду жыхароў заходняга памежжа Полацкага княства. Падчас раскопак даследавалі адзін курган, у якім змяшчалася пашкоджанае жаночае пахаванне па абрадзе трупапакладання. Ад пахавання застаўся толькі чэрап, побач з якім жаночае бранзалетападобнае скроневае кольца. Таксама знайшлі амаль цэлы кругавы гаршчок.

Фота Wikimedia Commons.

Фота Wikimedia Commons.

Але акрамя прадказальнага пахавання, даследаванні 2016 года прынеслі і нечаканыя вынікі. Аказалася, што курганы ў Кастыках былі насыпаныя з культурнага слоя старажытнага паселішча. Культурны слой гэтага паселішча быў выяўлены і пад курганамі, і ў міжкурганнай прасторы на плошчы ў 166 квадратных метраў. Стала зразумела, што яшчэ ў каменным, бронзавым і жалезным вяках, а таксама ў раннім Сярэднявеччы на беразе Віліі, дзе ў далейшым у 11–12 стагоддзях былі насыпаныя курганы, на працягу доў­гага часу існавала старажытнае паселішча.

Археалагічныя раскопкі – гэта заўжды працяглая па часе і дастаткова цяжкая праца, якая вымагае высілкаў вялікай колькасці людзей. У раскопках сёлета прымалі ўдзел валанцёры з Мінска, Гродна, Магілёва, Бабруйска, а таксама школьнікі з Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна і краязнаўцы з Вілейкі.

Мясцовыя жыхары шчыра дбаюць аб захаванні курганоў

Захаванне археалагічных помнікаў у нашай краіне на сёння – адна з найскладанейшых праблем, належныя шляхі вырашэння якой пакуль яшчэ не знойдзеныя. Але сказанае зусім не датычыцца Кастыкаў, бо ўсе мясцовыя жыхары добра ведаюць, што такое курганы і шчыра дбаюць аб іх захаванні, а таксама з глыбокай павагай ставяцца да працы археолагаў. Натуральна, праводзіць раскопкі ва ўмовах, калі мясцовыя жыхары цікавяцца тваёй працай і імкнуцца ўсяляк дапамагчы ў ёй, не толькі цікава, але і проста прыемна.

Фота Wikimedia Commons.

Фота Wikimedia Commons.

Правядзенне археалагічных раскопак было б немагчымым без арганізацыйнай падтрымкі з боку намесніка старшыні Вілейскага райвыканкама Святланы Дзяругі, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі выканкама Сяргея Паў­лоўскага і на той час дырэктара Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргея Ганчара.

Вялікую дапамогу ў раскопках таксама аказалі сябры вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў і, у прыватнасці, кіраўнік суполкі Дзяніс Канецкі. Такое стаўленне да захавання і вывучэння археалагічнай спадчыны як з боку мясцовага насельніцтва, так і з боку кіраўніцтва раёна можна лічыць узорным і быць прыкладам для іншых рэгіёнаў нашай Ра­дзімы.

Пасля навуковай апрацоўкі матэрыялы раскопак у Кастыках перададуць у Вілейскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе яны з цягам часу зоймуць належнае месца ў яго новай экспазіцыі.