– Фільм зроблены з вялікім размахам і найвышэйшага класа акцёрамі. Ён пацвярджае, што Вайда быў вялікім творцам, – сказаў пасля сеансу Карла Рыпа ды Меана, у 1970-я гады прэзідэнт Венецыянскага біенале.

Італьянскія і замежныя дзеячы культуры падкрэслівалі, што дзякуючы сваёй творчасці Вайда здабыў неўміручасць.

На паказе былі некаторыя члены здымачнай групы, у тым ліку акцёр Багуслаў Лінда – выканаўца галоўнай ролі мастака-авангардыста Уладзіслава Страмінскага. Акцёр адзначыў, што рэжысёр нябачна прысутнічае на фестывалі:

– Мы тут дзеля яго і разам з ім. Думаю, ён яшчэ крыху пра нас клапоціцца, і гэтае цудоўнае надвор’е, напэўна, таксама яго рук справа… У Італіі пра Вайду вельмі цёпла ўспамінаюць, мноства газет змясціла пра яго вялікія артыкулы. У нас ён быў вялікі Чалавек, вялікі Паляк.

Фільм Анджэя Вайды на Рымскім кінафестывалі чакалі з вялікай цікавасцю. Публіка і ўдзельнікі спадзяваліся, што рэжысёр сам будзе прысутнічаць тут.