Новы корпус ядзернага рэактара плануюць да канца года даставіць на пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС.

Падзенне корпуса рэактара на будпляцоўцы адбылося 10 ліпеня. Аднак вядома пра гэта стала амаль праз два тыдні. Затым Масква і Мінск дамовіліся пра тое, што корпус заменяць.

Корпус павінны быць дастаўлены на пляцоўку будаўніцтва станцыі не пазней 25 снежня. Яго адгрузка з завода “Атаммаш” у Валгадонску Растоўскай вобласці павінна адбыцца ў канцы кастрычніка.

Такім чынам, на транспарціроўку корпуса рэактара спатрэбіцца каля двух месяцаў.

Раней міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык паведамляў, што мантаж корпуса рэактара першага энергаблока АЭС можа пачацца не раней за кастрычнік.

Кіраўнік Мінэнерга таксама паведамляў, што з-за пашкоджання корпуса рэактара ў ліпені і яго замены тэрміны будаўніцтва АЭС будуць ссунутыя. У той жа час у Мінску разлічваюць, што адставанне змогуць скараціць.

Беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 мегават. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока Беларускай АЭС раней быў запланаваны на 2018 год, другога – на 2020 год.