Як ствараецца газета, я ўжо больш-менш ведаю. Чаму б не даведацца, як яна прадаецца?

А каб задаволіць уласнае жаданне, я на пару гадзін памяняла прафесію. І стала… Не, не кіяскёрам. Цяпер жанчына, якая працуе ў газетным кіёску, афіцыйна называецца прадаўцом.

Звычайна кіёск мы ўспрымаем звонку: вітрыны і акенца з тварам прадавачкі. Мне ж пашчасціла зазірнуць туды з іншага боку.

 Якія ўражанні? Цеснавата. Халаднавата. І цяжкавата ўвесь час стаяць на нагах. Мае боты на абцасах катэгарычна не падыходзілі для такой працы.

Цыгарэты купляюць больш, чым газеты

А яшчэ толькі ўнутры кіёска заўважаеш, як шмат тут тавару. Дзякуй прадавачцы Наталлі. Каб не яна са сваім вялікім досведам, маім пакупнікам доўга прыйшлося б чакаць, пакуль я знайду ў безлічы тавараў патрэбную жуйку або гламурныя налепкі для дзяўчынак.

Сапраўды кіёскі “Саюздрук” мы па звычцы называем “газетнымі”. Аднак газеты – далёка не адзіны тавар, які тут прадаецца. Пісьмовыя прылады, цацкі, настольныя гульні.  Немалы выбар касметыкі і гігіенічных сродкаў. Розная смаката ў выглядзе цукерак, чыпсаў, кавы, печыва, вафляў.

І вельмі вялікі выбар цыгарэт. Працуючы, заўважыла, што іх жанчыны і дзяўчаты  купляюць часцей, чым мужчыны. Некаторыя пакупніцы набывалі цыгарэты адразу блокамі.

 І тут у мяне ўзнікалі цяжкасці. Не магла я зразумець, чаго хоча пакупнік, калі працягвае грошы і кажа “пачак маіх”. Або “два пачкі сініх тоўстых”. Наталля ж адразу разумела, што трэба курыльшчыкам.

Прапаноўваю разам з пачкам цыгарэт купіць газету. Але Наталля больш рэальна глядзіць на рэчы. Тыя, хто прыходзіць за цыгарэтамі, не купляюць ні часопісаў, ні газет, кажа яна.

Трапляліся і жартаўнікі. За цыгарэтамі падышоў мужчына сталага веку. Папрасіў “пачак сваіх” і спытаў:

– А вы што, не чулі пра загад?

Я ўжо захвалявалася, што не спытала ў мужчыны, ці споўнілася яму 18. Аказалася, дарма.

– Прэзідэнт на сёння выдаў загад, каб цыгарэты бясплатна прадавалі, – з усмешкай адказаў мужчына. Гэта ён пажартаваў так.

Газеты ж куплялі пераважна сталыя людзі. Наталля патлумачыла мне, што так апошнім часам заўсёды. Маладыя людзі больш любяць навіны ў электронным выглядзе. Таму прыходзяць радзей.

Па словах прадавачкі, яна амаль ніколі не раіць пакупніку нейкае выданне. Кажа, чалавек звычайна ўжо сам ведае, за якой газетай ці часопісам ідзе ў кіёск. Раяцца толькі тыя, хто набывае газеты не для сябе. А напрыклад, купляе пачытаць у бальніцу сваякам ці знаёмым. Для такіх мэт набываюць і кнігі – “кішэнныя” выданні ў мяккіх вокладках, з займальным сюжэтам, лёгкія для ўспрымання.

Кароткія і доўгія размовы ля кіёска

Я працавала ў другой палове дня. І мне пашанцавала. Быў час перадыхнуць і павучыцца. Калі б прафесію я надумала памяняць зранку, было б значна цяжэй.

Па словах Наталлі, раніцай заўсёды больш пакупнікоў. Таму яна сама не любіць працаваць у другую змену. Кажа, у першую час куды хутчэй праходзіць.

Наступнае“ажыўленне” надыходзіць прыкладна гадзін у пяць. Дарослыя ідуць з працы, забіраюць дзяцей з садкоў. Тады ля вітрын кіёска чуецца “мамачка, купі!”. І мамачка купляе. Набываюць цацкі, налепкі, прыгожыя канцылярскія прылады, дзіцячыя часопісы, маленькія пластмасавыя пярсцёнкі.

Пазней падыходзяць школьнікі. Яны ўжо дарослыя, з грашамі на “кішэнныя выдаткі”. Выбіраюць смачныя, але не заўсёды карысныя прадукты. Лідар продажу ў іх –чыпсы і цукеркі.

Пры мне некалькі пакупнікоў набывалі латарэйныя білеты. Відаць, больш спадзяюцца на шанец і ўдачу, чым прагматычная моладзь.

Для мяне, чалавека недасведчанага, было цікава даведацца, што ёсць пэўная схема, па якой прадавачкі выкладаюць газеты. Гэта называецца “прыярытэтная выкладка выданняў”.

Зазіраючы ў акенца кіёска, пакупнікі вельмі здзіўляліся. На гэтым месцы яны прывыклі бачыць Наталлю.

Са шматлікімі з іх прадавачка вітаецца, ведае іх па імёнах. І нават ведае заняткі некаторых. Вось, жанчына набывае стрыжні для ручкі. А пасля Наталля расказвае, што пакупніца гэта працуе сацыяльным работнікам. А стрыжні, ручкі і часопісы сканвордаў набывае для бабуляў і дзядуляў, якіх даглядае.

А яшчэ ўразіла такая карціна: пакупнік зазірае ў акенца і проста працягвае грошы. І Наталля без слоў дае тавар і адлічвае рэшту.

Або можа быць і такі дыялог: “Ёсць?” – пытаецца пакупнік. “Няма,” – адказвае прадавачка. Вось так і разумеюць адзін аднаго.

Аднак не ўсім падабаюцца кароткія размовы. Ёсць людзі, якія любяць пагаварыць “за жыццё”. Расказаць пра дрэннага зяця ці пажаліцца на нядобрую нявестку.

– Але не заўсёды іх паслухаеш, – кажа прадавачка, – асабліва, калі чарга стаіць.

Я не змагла стрымаць сваю цікаўнасць і пагартала Кнігу скаргаў і прапаноў. Тым больш, яна стаіць ў кіёску на заўважным месцы.

На ўсю – адна скарга. А вось падзяк значна больш. Асабліва запомнілася вось гэта: “У такі кіёск хочацца прыходзіць яшчэ і яшчэ”