Прафесар Адам Мальдзіс дэманстратыўна адмовіцца ад звання ганаровага грамадзяніна Астраўца, калі ў горадзе зрэжуць старыя дубы.
Навуковец распавёў карэспандэнтам “Рэгіянальнай газеты”, што дубы для Астравеччыны – дрэвы асаблівыя:
– Вы не задумваліся, чаму дуб намаляваны на гербе Астраўца? Бо гэтае дрэва – сімвал каралеўскай улады. Дубы садзілі ў важныя гістарычныя моманты.
Па словах прафесара, дарогу, што вяла з Вільні ў Астравец, называлі каралеўскай, і ўздоўж яе садзілі дубы. А яшчэ сам кароль Жыгімонт загадаў пабудаваць на каралеўскай дарозе карчму. Чаму? У Астравец, упэўнены Мальдзіс, кароль ездзіў даволі часта.
Вось чаму ні ў адным мястэчку і горадзе Беларусі, лічыць прафесар, няма столькі дубоў.
Тут працаваў Францыск Скарына. Тут стваралася першая беларуская Канстытуцыя – Статут 1529 года.
Адам Мальдзіс добра паямятае тыя дубы, што раслі ля маёнтка віленскага ваяводы Альбрэхта Гаштаўта:
– Хлопцам я кожны дзень хадзіў ля гэтых старых раскідзістых дубоў у школу. Праўда, у той час яшчэ не ўсведамляў іх гістарычный каштоўнасці для Астраўца і для Беларусі ўвогуле.
Тыя, хто прыняў рашэнне зразаць дубы, абсалютна не ведаюць гісторыі, упэўнены Адам Мальдзіс.
Некалі прафесару Мальдзісу прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Астраўца. Але адпаведны дакумент так і не ўручылі, бо тады якраз мяняўся старшыня райвыканкама.
– Калі ў Астраўцы ссякуць дубы, я не буду забіраць тыя дакументы і дэманстратыўна адмоўлюся ад звання, – заявіў Адам Мальдзіс.