За час будаўніцтва БелАЭС на будпляцоўцы адбылося 10 няшчасных выпадкаў, тры з іх скончыліся смяротным зыходам.
Пра тое, як гэта адбылося, распавёў кіраўнік групы аховы і правіл бяспекі БелАЭС Аляксандр Гутар.

12 ліпеня 2015 года на будаўнічым абʼекце будынка турбіны блока № 1 пасля заканчэння работ мантажу апалубкі зваліўся з вышыні бетоншчык. Следства выявіла, што ён груба парушыў правілы тэхнікі бяспекі – не выкарыстаў ахоўнага пояса бяспекі, працуючы на вышыні звыш 15 метраў.

20 кастрычніка таго ж года надзвычайнае здарэнне адбылося пры падобных абставінах. На будаўнічым абʼекце будынка турбіны блока № 1 пры выкананні работ па дэмантажы апалубкі разбіўся цясляр. Як выявіла расследаванне, рабочы таксама не прытрымліваўся правіл тэхнікі бяспекі.

“Цяпер вядзецца і расследаванне яшчэ аднаго выпадку, які адбыўся 26 жніўня 2016 года на будаўнічым абʼекце „Будынак рэактара блока № 2“. З вышыні 60 м на вышыню 21 м упаў кіслародны балон. Пры гэтым смяротна быў траўмаваны мантажнік, грамадзянін Украіны. Расследаванне яшчэ не скончана, таму пра віну тых ці іншых асоб гаварыць пакуль рана”, – адзначыў Гутар.

Сёння, паводле слоў спецыяліста, на будаўніцтве БелАЭС занятыя 5582 чалавекі.