Але жыхар Ільі, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, педагог і краязнаўца Уладзімір Кажамяка так не лічыць. Шматгадовае жыццё на Вілейшчыне ідзе толькі на карысць яго творчасці.
Пісьменнік актыўна друкуецца ў “Рэгіянальнай газеце” і іншых выданнях, удзельнічае ў культурным жыцці раёна. А яшчэ мае тры кнігі прозы.
Першыя дзве – “Ходзіць вёскамі сіняе лета” і “Не пакідаюць нас белыя лебедзі” – зборнікі грунтоўных краязнаўчых артыкулаў пра Ільяншчыну і яе жыхароў. Гэтыя кнігі ўжо вядомыя аматарам краязнаўства.
Сёлета ж у выдавецтве Зміцера Коласа выйшаў чарговы твор Уладзіміра Кажамякі – кніга “Цяпер і мне ўспомніць можна”.
Па старонках мемуараў
Па словах пісьменніка, новая кніга – гэта расповед пра лёсы людзей, асобныя факты з мінулага і перажытага. Расповед пра маленькую радзіму аўтара, Мсціслаўшчыну, і тыя мясціны, дзе яму пашчасціла жыць і працаваць.
Пасля такой характарыстыкі, адразу зразумела: новы твор Уладзіміра Кажамякі – гэта мемуары. А назва пераконвае ў гэтым яшчэ больш.
Пра што ж успамінае творца? Пра ўласнае жыццё. І пачынае з вытокаў. Родная Мсціслаўшчына, бацькі, бабуля з дзядулем і іншыя сваякі. Кожная асоба са сваім характарам, жыццёвымі цяжкасцямі і перакананнямі. І кожны варты грунтоўнага расповеду пісьменніка.
Чытач, які ведае аўтара асабіста, зразумее, што тактоўнасць і разважлівасць Уладзіміра Сцяпанавіча, хутчэй за ўсё, ад бацькі Сцяпана Кажамякі. Бо ў маці Ганны Кажамякі, прызнаецца пісьменнік, характар быў няўстойлівы, узрыўны.
На прыкладзе ўласнай сям’і, сваякоў і вяскоўцаў аўтар малюе перад чытачамі агульную карціну сялянскага жыцця першай паловы мінулага стагоддзя. Згадвае невымерна цяжкую працу і бяздумную калектывізацыю.
Родны дзед Стафан, распавядае аўтар, супраціўляўся і не ўступаў у калгас да самай вайны і ніколі не быў лаяльным да савецкай ўлады. Здзіўляюся, прызнаецца пісьменнік, якім чынам дзед змог пазбегнуць арышту. А яшчэ аўтар-краязнаўца шкадуе, што ў свой час мала размаўляў з дзедам.
Уладзімір Кажамяка на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Фота lit-bel.org.
Асобныя раздзелы прысвечаныя школе, вучылішчу электраманцёраў, службе ў войску, студэнцтву ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, першым крокам у педагагічнай працы.
Як бачым, у адрозненне ад першых дзвюх, у новай кнізе больш шырокая геаграфія. На старонках – не толькі ільянскія краявіды.
Тут родная Магілёўшчына, з якой звязаныя згадкі дзяцінства і дзе і яркія студэнцкія гады. І нават Мурманская вобласць, дзе ў свой час пісьменніку давялося служыць у войску.
Ільяншчына ў новай кнізе краязнаўцы
У Ілью Уладзімір Кажамяка трапіў у пачатку 1970-х гадоў. У мясцовым сельскагаспадарчым тэхнікуме малады педагог пачаў працаваць намеснікам дырэктара. Пасля быў дырэктарам тэхнікума.
Ужо 44 гады пісьменнік жыве ў Ільі. Прызнаецца, каб успомніць усё, што адбылося тут за гэты час, пачаў пісаць новую кнігу “Ілія”.
Менавіта ў Ільі і прыйшло жаданне пісаць. Па словах аўтара, на напісанне кніг яго натхняюць сустрэчы з цікавымі людзьмі. Гэта бібліяфіл і пісьменнік Міхась Казлоўскі. У сваім альманаху “Куфэрак Віленшчыны” ён друкуе краязнаўчыя артыкулы Уладзіміра Кажамякі. Прафесар Адам Мальдзіс, які высока ацаніў творчасць ільянца і даў яму рэкамендацыю ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Уладзімір Кажамяка захапляецца сучаснікамі-аднавяскоўцамі, іх талентам і, кажучы сучаснай мовай, крэатыўнасцю. Гэта Мікола Кутас, Роза Шэрая, Ігар Юшко, Тамара Пунінская, Галіна Буркевіч, Алеся Сэсарава. Большасць з іх былі аўтарамі і героямі “Рэгіянальнай газеты”.
Згадвае аўтар і тых выхадцаў з Ільяншчыны, якія праславілі свой кут у рэспубліцы і далей. Гэта супрацоўнік радыё “Свабода” Пётра Сыч, прафесары Адам Грымаць і Святлана Язерская, паэты Іван Лашутка і Уладзімір Папковіч.
На старонках шмат фотаздымкаў розных гадоў. Гэта робіць кнігу яшчэ больш цікавай і каштоўнай.