– Не памірай! – можна было пачуць лямант на танцполі Black Fox бара ў Мала­дзечне ў мінулую пятніцу, 14 кастрычніка.

Не, ніхто не паміраў, нікому не зрабілася блага. Гэта прыхільнікі гурта “J-Морс” прасілі выканаць яшчэ адну песню пасля таго, як паўтарагадзінны канцэрт гурта ўжо завяршыўся.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Уладзімір Пугач, фронт­мэн гурта, лямант пачуў і памерці нікому не даў – песню выканаў.

Пасля канцэрта ля гардэроба – натоўп. Народ абмяркоўвае:

– Таааак, выдалі дык выдалі! Даўно так не адрываўся, – дзеліцца сваімі ўражаннямі хлопец са сваёй спадарожніцай.

Але каля гардэроба не толькі падлеткі і моладзь. Пытаюся ў дзвюх прыстойных дам, што прывяло іх на канцэрт :

– На рабоце запрашальнікі далі, вось і прыйшлі. Не, не расчараваліся, усё спадабалася. Але з большай радасцю пайшлі б на канцэрт у палац.

А яшчэ адна наведніца клуба Ганна прызналася, што любіць “морсаў”  па іх старых песнях:

– А вось новыя не чула. Таму цікава было параўнаць, ці той гэта “J-морс”, які мне падабаўся, калі я была студэнткай.

– І як?

– Той, і нават лепей. Зараз прыйду дамоў, сцягну новыя песні. Больш за ўсё песня “Чмялі” спадабалася, задорная такая.

Гаспадар начнога клуба Black Fox Аляксандр Скуратовіч расказаў, што на канцэрце было каля 350 чалавек. Людзі прыехалі і з Валожына, Смаргоні, Вілейкі, нават з Салігорска.

– Гэта няшмат людзей, на другіх канцэртах было болей, але з хлопцамі з “J-морса”мне спадабалася працаваць больш за ўсё. Простыя такія. У іх райдар быў самы звычайны: абед, вячэра, вада.

З “Трубяцкім”, напрыклад, было не так. А з “морсамі” было цяжка ў тэхнічным плане. Яны прафесіяналы і вельмі патрабавальныя да таго, каб усё гучала, як трэба. Але і тэхнічныя моманты вырашылі.

Маленькая зала, пры­знаецца Аляксандр, для музыкантаў больш зручная, чым вялікія канцэртныя залы,  таму гурты едуць у клубы з задавальненнем.

– Тут жа прамы кантакт з гледачом. Вось яны ўсе парад табой. Людзі танцуюць, скачуць, адгукаюцца. А што ў канцэртных залах? Сядзіш на месцы, толькі што апла­дзіруеш дзяжурна пасля кожнай песні.

Аляксандр расказаў, што рабіў рамонт у клубе з тым разлікам, каб у гэтай зале прахо­дзілі канцэрты:

– Мяне самога канцэртная дзейнасць цікавіць, я атрымоўваю ад яе задавальненне, бо сам музыкант. Хочацца прывучыць мала­дзечанскую публіку да добрай музыкі. Але вось у чым парадокс: я ўпэўнены, што

Саладуха сабраў бы большую залу, чым які-небудзь малады гурт, які іграе крутую музыку.

Быў у практыцы Аляксандра выпадак, калі ён запрасіў выступіць у клубе адзін калектыў. Хлопцы ігралі добрую музыку, вядомыя хіты.

– І вось адзін наведнік паклікаў мяне і спытаўся, калі гэта ўсё закончыцца. Бо яму хацелася танцаваць пад папсу.

У бліжэйшых планах у Аляксандра зладзіць канцэрты гуртоў “Дай дарогу”, “Дразды”, “Цягні-штурхай”, ” Лепрыконсы”, “Дзядзька Ваня”, Георгія Калдуна.

– І няпраўда, што “J-морс” – самы дарагі беларускі гурт.

– Сярод пералічаных гуртоў і выканаўцаў няма ні аднаго жаночага імя. Што за дыскрымінацыя?

– Жаночыя гурты? А каму яны тут патрэбныя? Не пойдзе народ на гэта.

Таксама не проста арганізаваць канцэрт якога-небудзь замежнага гурта, бо для гэтага трэба іншая ліцэнзія.

А вось ранішнікамі абяцаюць перад Новым годам маладзечанскіх дзяцей парадаваць.

– У мяне ёсць машына, якая запускае мыльныя бурбалкі. Ведаеце, як гэта дзецям падабаецца. Чаму б не выкарыстоўваць гэта? А вось кіно, гульні або трансляцыі спартыўных матчаў у Black Fox не будзе.

– Для гэтага ёсць іншыя месцы, а да нас лю­дзі прыходзяць слухаць музыку і танцаваць. Гэтага дастаткова.