Беларуска-германскае супрацоўніцтва ў 10 маладзечанскай гімназіі доўжыцца ўжо 28 год. Распачынаў яго былы дырэктар цяпер настаўнік нямецкай мовы Барыс Вайцяхоўскі. А ў апошнія гады ў гімназіі сталі працаваць нямецкія валанцёры.
Сёлета з Германіі сюды прыехалі Мірыям Кузьменка і Тэа Ленцэн. Мірыям будзе жыць і працаваць у нашым горадзе паўгода. Тэа прыехаў у Маладзечна на год.
Мірыям – немка з украінскімі каранямі. Вось адкуль яе славянскае, звыклае для нас прозвішча. Дзякуючы свайму паходжанню дзяўчына добра размаўляе на рускай мове.
Мірыям ўсебакова развітая асоба. Яна цікавіцца мастацтвам, харэаграфіяй, тэатрам. У гімназіі плануюць, што Мірыям будзе навучаць школьнікаў танцам, а таксама стане кіраваць драматычным гуртком. Усе заняткі, вядома, будуць на нямецкай мове.
А папярэдніца Мірыям, якая працавала тут у мінулым годзе, на нямецкай мове вучыла гімназістаў выцінанцы.
Тэа таксама нядрэнна ведае рускую мову. Магчыма, ён стане вучыць школьнікаў спяваць па-нямецку. Аднак да канца хлопец яшчэ не вызначыўся.
Маладыя людзі сёлета скончылі гімназію ў сябе на радзіме. У нямецкай гімназіі трэба вучыцца не 11, а 13 гадоў. Таму выпускнікі тут больш дарослыя, чым у нас. Ім па 19-20.
У Беларусь Мірыям і Тэа прыехалі, каб павучыцца, папрацаваць, падцягнуць веданне рускай мовы, вызначыцца, чым, у рэшце рэшт, ім хочацца займацца.
Як патлумачыла намеснік дырэктара школы Таццяна Булко, у нямецкай моладзі вельмі распаўсюджаны такі “этап самавызначэння”. Калі ў нас адразу пасля заканчэння школы выпускнікі імкнуцца ў ВНУ, то іх нямецкія аднагодкі не спяшаюцца гэтага рабіць.
На працягу некалькіх гадоў нямецкія хлопцы і дзяўчаты зарабляюць грошы на вучобу, падарожнічаюць, вызначаюцца, якая справа ім больш па душы. І толькі потым вяртаюцца ў Германію і паступаюць вучыцца.
Папярэдне дамовіўшыся з настаўнікамі, Тэа і Мірыям наведваюць урокі нямецкай мовы ў гімназіі. Часам проста назіраюць, як педагог праводзіць заняткі.
А здараецца, што і самі спрабуюць сябе ў ролі настаўнікаў. Напрыклад, праводзяць які-небудзь фрагмент урока. Гэта можа быць арганізацыйны пачатак або гульня з вучнямі ў канцы.
Такія “настаўнікі” ўсяго на 2-3 гады старэйшыя за вучняў 9-11 класаў. Таму часам узнікаюць і сяброўскія адносіны паміж немцамі і беларускімі школьнікамі.
Вучні гімназіі часта ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх алімпіядах па нямецкай мове. А для таго, каб там дастойна выступіць, трэба добра валодаць размоўнай мовай. Валанцёры дапамагаюць настаўнікам падрыхтаваць вучняў да такіх алімпіяд.
Па словах Таццяны Булко, гасцям з Германіі падабаецца Беларусь. Яны заўсёды заўважаюць, што тут жывуць культурныя і гасцінныя людзі.
З задавальненнем валанцёры падарожнічаюць па Беларусі. Часта бываюць у Мінску, ужо ездзілі ў Віцебск. Плануюць паездку ў Брэст. А Маладзечна яны лічаць прыгожым, чыстым і ўтульным горадам.
Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.