Для прафілактыкі ДТЗ і дзіцячага траўматызму  напярэдадні і падчас восеньскіх школьных канікулаў дзяржаўтаінспекцыя  Маладзечна ад 24 кастрычніка да 7 лістапада праводзіць абласную прафілактычную акцыю “Бяспечныя канікулы”.

У рамках гэтай акцыі  міліцыянеры выступяць ў працоўных калектывах і школах. Раскажуць пра дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм на тэрыторыі Маладзечанскага раёна і Мінскай вобласці.

Супрацоўнікі ДАІ звернуць увагу на выяўленне і спыненне непаўналетнімі парушэнняў правілаў дарожнага руху з прыцягненнем бацькоў да адміністрацыйнай адказнасці, на бяспечную перавозку дзяцей у аўтамабілях.

Ад пачатку года ў Маладзечанскім раёне былі два дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам непаўналетніх. Двое дзяцей атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені.

61 ДТЗ з удзелам непаўналетніх адбылося ў Мінскай вобласці. 60 дзяцей атрымалі траўмы, а пяць загінула.

Расследаванні паказалі, што ў некаторых выпадках дзеці траплялі ў аварыю з-за слабых ведаў Правілаў дарожнага руху, з-за сваёй недысцыплінаванасці, няўважлівасці і неасцярожнасці.

Найбольш распаўсюджаныя памылкі пешаходаў – гэта пераход дарогі не па пешаходным пераходзе, гульні і свавольствы на праезнай частцы, знаходжанне дзяцей без дарослых.

Выхадныя дні і канікулы –  самыя небяспечныя ў плане дарожных здарэнняў.

Памятаць аб Правілах дарожнага руху і быць уважлівымі павінны не толькі дзеці, але і іх бацькі. Бо часам менавіта дарослыя ствараюць небяспечныя сітуацыі для сябе і для сваіх дзяцей.