Родным загінулай дзяўчынкі застаецца толькі звяртацца ў суд – і яны гатовыя гэта зрабіць. Незалежны прафсаюз РЭП ужо прапанаваў ім сваю дапамогу ў гэтым.

На днях сям’я Папчэня атрымала адказ з інспекцыі працы. Там прыйшлі да высновы, што няма падстаў для правядзення спецыяльнага расследавання няшчаснага выпадку на вытворчасці.

Аргументуюць гэта сярод іншага тым, што ў Беларусі заключаць працоўны дагавор дапускаецца толькі з грамадзянамі ва ўзросце ад 14 гадоў –  а загінулай было ўсяго 13. І “ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносін паміж ААТ “Усход-Агра” і школьніцай не ўстаноўлена”.

Дэпартамент дзяржінспекцыі працы заяўляе, што “не надзелены правам ўстанаўлення факту наяўнасці працоўных адносін пры дадзеных абставінах”. Аднак адзначае, што такі факт можа ўстанавіць суд Маладзечанскага раёна.

Як распавёў парталу TUT.BY праваабаронца Леанід Судаленка, такая іскавая заява ў суд ужо рыхтуецца. Будуць пачынаць з раённага суда – але гатовыя дайсці і да Вярхоўнага.

– Гатовы дапамагчы бацьку падаць заяву ў суд і прадстаўляць яго інтарэсы”, –  заявіў праваабаронца Леанід Судаленка. Родныя загінулай школьніцы пацвердзілі журналістам, што маюць намер давесці гэта пытанне да канца.