Вёска Хажова, а таксама маладзечанец Ігар, які купіў там дом на вуліцы Каму­ністыч­най, 6, сталі сумнавядомымі на мінулым тыдні. Хіба толькі лянівы вясковец не абмяркоўваў навіну пра тое, што Ігар купіў у Хажове дом на могілках.

Мясцовыя жыхары ўсе як адзін цяпер кажуць пра тое, што ведалі, што ў 30-х гадах на месцы жылога дома па вуліцы Камуністычнай былі могілкі.

А пачалася гісторыя ў канцы жніўня. Пра яе “Рэгіянальнай газеце” расказаў кіроўца пагрузчыка Мікалай:

– Там як было. Гаспадару дома не спадабаўся край разметкі, якую зрабілі будаўнікі. Ён папрасіў мяне капануць трохі правей. Я зачарпнуў зямлю, і з каўша раптам выпаў чэрап. І пакаціўся па двары. Натуральны чалавечы чэрап, нават сківіца была.

Мікалай разам з будаўнікамі спачатку падумалі, што там кагосьці “прыкапалі”.

– Зразумейце, глыбіня была невялікая, недзе па калена. Таму мы адразу і не падумалі, што гэтыя косці з колішніх могілкаў. Натуральна, падумалі, што кагосьці ў двары “прыкапалі”, таму адразу расказалі пра гэта гаспадару ўчастка і выклікалі міліцыю.

Яшчэ да ўсіх экспертыз, міліцыянер, які прыехаў у Хажова, сказаў, што, мяркуючы па тым, што на чэрапе няма валасоў, яму не менш за 10 гадоў.

А пасля маладзечанскі Следчы камітэт у пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы вызначыў, што па тых звестках, якія падаў следству занальны архіў, у Хажове на гэтым месцы ў 1930-1932 гадах былі ўніяцкія могілкі.

– Вось што цікава, – працягвае Мікалай, – пакуль мы чакалі міліцыю, пайшоў дождж. І новыя косці сталі самі вымывацца з зямлі. Жудасна, канешне. Мы пагутарылі і з людзьмі, якія жывуць па суседстве. Усе адмахваліся. І толькі адна бабуля, зусім старэнькая, сказала, што папярэджвала гаспадара ўчастка, што тут былі могілкі. Але ён яе, відаць, не пачуў.

Гаспадар дома Ігар пасля гэтага здарэння звярнуўся да ўладаў з просьбай разгледзець яго пытанне і даць яму раўназначны ўчастак, бо жыць на могілках, па зразумелых прычынах, мужчына не хацеў і не мог.

І вось 18 кастрычніка пытанне Ігара разгле­дзелі на нарадзе ў старшыні Маладзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца.

Вынікамі таго, што абмяркоўвалі на нара­дзе, з “Рэгіянальнай газетай” падзяліўся начальнік землеўпарадкавальнай службы Дзмітры Клопаў:

– Канчатковага рашэння па гэтым пытанні мы пакуль не маем. Адзінае, што па законе мы не можам даць гаспадару раўназначны ўчастак, бо такое магчыма толькі ў тым выпадку, калі дадзены ўчастак забіраецца па тэрміновай патрэбе. Такога ў гэтым выпадку няма. На нарадзе было вырашана правесці на гэтым месцы раскопкі, каб устанавіць, ці былі тут могілкі. Займацца раскопкамі можа толькі спецыяльная служба, таму на колькі гэта часу расцягнецца, адказаць цяжка.

А пакуль, як расказваюць суседзі, гаспадар дома №4 па вуліцы Камуністычнай, калі пачалася ўся гэта “заваруха”, свой дом таксама прадаў. І яго выкупілі мінчане.

– Але ж ім пра мінулае гэтага месца ніхто не расказаў, – кажа жанчына, якая жыве побач.

І дадала:

– Дайце мне гэты домік бясплатна, я буду тут жыць. Не пагляджу на тое, што тут нейкія косці.

Мясцовы жыхар Адам Нэндза расказаў, што могілак на гэтым месцы не памятае:

– Я ў 1950 годзе нарадзіўся, памятаю толькі, што тут была гара і, здаецца, помнік нейкі стаяў памерам з хала­дзільнік. Затое памятаю, што, калі мне было шэсць гадоў, ля гэтай горкі мы, малыя, пясочак раскопвалі і даставалі і чарапы, і косці. Іх тады ў магазіне прымалі за грошы.

– Ой, калі падумаць, – разважае яшчэ адзін хажовец Павел, – мы ўсе жывём на касцях. Хто там ведае, што было на гэтай зямлі 100, 200 ці болей гадоў таму.