Краіны Еўрасаюза не павінны прымаць на свой рынак электраэнергію з Беларускай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы, калі ў кошце на яе не будуць адлюстраваныя прыродаахоўныя рызыкі. Так лічыць новы прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд.

 – З Астраўцом відавочная праблема. Усе выдаткі, уключаючы выдаткі на прыродаахову і рызыкі, не ўключаюць у цэнавую формулу. У такім выпадку Еўропа не павінна прымаць такую электраэнергію на свой рынак, – сказала спадарыня Кальюлайд пасля сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце ў Вільні.

Еўрапейскія эксперты па энергетыцы не раз заяўлялі, што электраэнергію, якая будзе выпрацавана на БелАЭС, не трэба прымаць на свой рынак. І не толькі таму, што станцыя будуецца без выканання патрабаванняў бяспекі. А яшэ і таму, што тут ужываюцца больш нізкія патрабаванні прыродаахоўнай і будаўнічай бяспекі.

З гэтай прычыны цэны на такіх АЭС ніжэйшыя, чым у Еўрасаюсе. Бо тут ужываюцца больш высокія стандарты.

Літва рэгулярна крытыкуе Беларусь за невыкананне стандартаў бяспекі пры будаўніцтве АЭС. Мінск адхіляе гэтыя прэтэнзіі як неабгрунтаваныя.

svaboda.org