На Вялікім Гасцінцы юная спявачка Даша Атрошанка нагадвае з білборда, што Маладзечна сёлета – культурная сталіца.

У іншым месцы яркі надпіс і спакуслівыя ажыны пераконваюць у прыгажосці беларускай мовы.

Сёння вуліцы нашых гарадоў мы ўжо не ўяўляем без білбордаў.

Білборд – вялікая металічная канструкцыя. Таму проста паставіць яго там, дзе захочацца, немагчыма. Як патлумачыла галоўны архітэктар Вілейскага раёна Галіна Кажарновіч, за ўсталяванне саміх білбордаў адказвае аддзел архітэктуры райвыканкама. Чалавек, які жадае ўсталяваць білборд, прыносіць сюды заяўку на размяшчэнне сродкаў рэкламы.

А вось пра змест клапоцяцца іншыя. Калі гэта рэклама тавараў ці паслуг, за яе адказвае аддзел гандлю райвыканкама. Тут таксама ёсць пэўныя патрабаванні. Глядзяць, каб усё было эстэтычна, каб выконваліся законы рэкламы. Калі на білбордах ёсць не запоўненыя палі, то яго ўладальнік можа прадаць месца ахвотным.

На білбордах – твары знакамітых землякоў

У райвыканкаме Маладзечна патлумачылі, што амаль усе білборды  – прыватныя. Напрыклад, у Маладзечне райвыканкам мае толькі адзін білборд. Таму гарадскія ўлады заўсёды ­ўдзячныя прадпрымальнікам, калі на свабодных палях можна размясціць сацыяльную рэкламу.

За яе адказвае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Тут могуць заклікаць паасобна збіраць смецце. Не забруджваць рэкі і азёры Беларусі.

Сацыяльная рэклама ў Маладзечне. Фота з архіва РГ.

Сацыяльная рэклама ў Маладзечне. Фота з архіва РГ.

Загадчыца сектара ідэалагічнай работы і маладзёжнай палітыкі гэтага аддзела Раіса Казановіч патлумачыла, што сацыяльная рэклама на тэмы экалогіі, сям’і, здаровага ладу жыцця – гэта рэспубліканская прапанова. А вось плакаты на білборды з фотаздымкамі знакамітых землякоў замаўляе райвыканкам.  

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы Вілейскага райвыканкама Жанны Петух, у Вілейцы сацыяльную рэкламу часцей размяшчаюць не на білбордах, а на банерах. Іх расцягваюць на сценах будынкаў.

Калі ж такая рэклама засцерагае нас не даваць дзецям запалкі ці выконваць іншыя правілы пажарнай бяспекі, то яе часцей рыхтуюць у МНС.

Віншуйце маму ў газеце

А калі камусьці з дапамогай білборда захочацца павіншаваць маму з днём нараджэння? Або прызнацца ў каханні? У сталіцы былі падобныя выпадкі.

Раіса Казановіч прыгадала, што такі плакат быў і ў Маладзечне. Недалёка ад бібліятэкі “Верасок” нейкую жанчыну віншавалі з днём нара­джэння. Аднак размяшчэнне гэтага віншавання ўзгаднялася ў Мінску.

Юныя маладзечанцы ля білборда з баксёрам Дзмітрыем Асанавым. Фота Аксаны Ярашонак.

Юныя маладзечанцы ля білборда з баксёрам Дзмітрыем Асанавым. Фота Аксаны Ярашонак.

Увогуле ў Маладзечне гэтага не дазваляюць. Для такіх спраў у гора­дзе пажадана мець асобны віншавальны білборд.

– Ёсць шмат іншых магчымасцяў павіншаваць дарагога чалавека, – упэўненая Раіса Казановіч. – Гэта і тэлебачанне, і газеты.

Час, на працягу якога павінны вісець плакат на білбордзе, пазначаюць у дагаворы. Аднак калі прырода неяк пашкодзіць яго, плакат здымаюць раней.

Даша Атрошанка – дзяўчына з білборда

Білбордная гісторыя для таленавітай юнай спявачкі Дашы Атрошанкі пачалася вельмі цікава. Даша разам з мамай, Таццянай, ехалі на машыне. Мама, вядома, глядзела на дарогу, а Даша – па баках.

– І раптам я як закрычу: “Мама! Там Даша Атрошанка!” – эмацыйна распавядае дзяўчына.

Мама ад нечаканасці ледзь не выпусціла руль. А пасля рассмяялася і сказала, што Даша Атрошанка сядзіць побач з ёй.

Аднак Даша з мамай вярнуліся да білборда, каб разгледзець яго. Зладзілі там фотасесію на радасць прахожым. Але мы і самі былі вельмі задаволеныя, прызнаецца дзяўчына.

Даша кажа, што да яе білборднай папулярнасці сям’я адносіцца станоўча. Яны толькі рады бачыць фотаздымкі сваёй таленавітай дзяўчынкі ў цэнтры горада.

Часам у магазінах незнаёмыя людзі кажуць: “Я ведаю гэту дзяўчыну. Яна спявала на Еўрабачанні”.

У раёне, дзе стаіць білборд, Даша бывае рэдка. Аднак калі праязджае міма, заўсёды прыгадвае тыя падзеі жыцця, якія звязаны з гэтымі здымкамі.

На пытанне пра тое, хто яшчэ ў нашым горадзе дастойны білборда, Даша, не задумваючыся, адказала:

– Гэта паэтка, аўтар і выканаўца песень, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Атрошанка. Па шчаслівай выпадковасці, яна – мая мама.