Неяк забірала дачку з дзіцячага садка.

“До свидания,” – крыкнула яна на развітанне выхавальніцы. Але тут жа выправілася: “Ой, не так сказала. Да пабачэння!”

Аказалася, сёння ў іх у садку беларускамоўны дзень.

Увечары, зазірнуўшы на сайт дзіцячага садка, убачыла эмацыйны заклік:  “Паважаныя бацькі! У нашым дзіцячым садку кожны апошні чацвер месяца прахо­дзіць беларускамоўны дзень. На працягу ўсяго дня мы размаўляем на беларускай мове з дзецьмі. Размаўляйце разам з намі па-беларуску!”

Як патлумачыла загадчыца маладзечанскага садка №24 Наталля Есмановіч, ужо некалькі гадоў на нарадзе ў жніўні работнікі дзіцячых садкоў горада самі вырашаюць, які дзень будзе беларускамоўным. У іх садку абралі апошні чацвер месяца.

У гэты дзень усе выхавальнікі праводзяць заняткі і пішуць свае планы на беларускай мове. На роднай мове дзецям чытаюць кніжкі, задаюць вучыць вершы, размаўляюць з імі.

А каб правільна данесці ўсё да малых, педагогі мусяць вучыцца самі. Напярэдадні беларускамоўнага чацвярга ў садку ладзяць заняткі для выхавальнікаў. Гэта педагагічныя марафоны, гутаркі і майстар-класы па беларускай мове.

Уявіце сабе, што дарослыя сур’ёзныя выхавальнікі на такіх занятках могуць… пагуляць. Напрыклад, у гульню “Перакладчыкі”. Звычайна такія мерапрыемствы ладзіць намесніца загадчыцы.

Наталля Есмановіч расказала, што педагогі не адразу лёгка прывыклі да беларускамоўнага дня. Былі пэўныя цяжкасці. Але беларуская мова вельмі прыгожая, лічыць жанчына. Яна “зацягвае”, і хутка педагогам самім становіцца цікава.

Выхавальніца Наталля Латышонак працуе ў старэйшай групе. Яна расказала, што напачатку вывучаць родную мову дзецям было проста весела. Іх смяшылі незразумелыя словы і нязвыклае вымаўленне. Сёння весялосць змянілася цікавасцю.

Таму цяпер у дзень роднай мовы смеху менш, а пытанняў больш. “А што гэта?”, “а як па-руску тое?” – чуваць ледзь не пасля кожнага слова педагога.

Часам дзецям не проста вымавіць словы на роднай мове. Асабліва “не даецца” ў – у нескладовае.

Аднак надыходзіць канец дня, і дзятву ўжо не здзіўляе, што “дыван” гэта “ковёр”, а не “диван”, як ні дзіўна. Многія словы роднай мовы дзеці з радасцю адкрываюць для сябе. Выхавальніца прыгадвае, як некалі ў такі дзень малым вельмі спадабалася слова “дзьмухавец”.

Асаблівая ўвага ў беларускамоўны чацвер – словам і зваротам ветлівасці. “Смачна есці!”, “калі ласка!”, “дзякуй!”, “да пабачэння!” – чуецца ў групе.

Беларускамоўны дзень у садку заканчваецца ў 17:30. І вось тады ў сем’ях пачынаецца беларускамоўны вечар для бацькоў.

Не ўсе мамы і таты ў паўся­дзённым жыцці  карыстаюцца роднай мовай. Калі ж па-беларуску размаўляе дзіця, хочацца на яго раўняцца і адказваць па-беларуску.

Адмоўных водгукаў ад бацькоў наконт беларускамоўнага дня ў садку педагогі не чулі. Аднак і зваротаў, каб такі дзень праходзіў не раз на месяц, а часцей, таксама пакуль не было.