“Ніхао” – так віталіся з вучнямі і настаўнікамі госці ў маладзечанскай гімназіі №10. Тут сустракалі гасцей з кітайскага горада Нанкін.

Сюй Кэці, прафесар, дырэктар інстытута Канфуцыя з кітайскага боку, Шы Лін, якая прымае абавязкі дырэктара, і Ларыса Трыгубава, дырэктар інстытута з беларускага боку і перакладчыца, прыехалі ў Маладзечна з важнай місіяй.

Яны хацелі даведацца, як справы ў маладой настаўніцы Цянь Вэньюй. У дзясятай гімназіі яна выкладае факультатыўныя заняткі па кітайскай мове.

Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

 На пытанне, ці падабаецца ёй жыць і працаваць у Маладзечне, Вэньюй адказала:

– Вельмі падабаецца! Тут людзі добрыя. Тут дзеці разумныя.

Госці папрысутнічалі на занятках Цянь Вэньюй. Вучні паказалі, як яны ўмеюць пісаць кітайскія іерогліфы, расказалі, якія ўжо ведаюць кітайскія словы.

З прадстаўнікамі інстытута Канфуцыя прыехала маладая выкладчыца Цай Манюй. Дзяўчына застанецца ў Маладзечне. Факультатыў па кітайскай мове яна будзе выкладаць для вучняў гімназіі №6 у Маладзечне.

Будні кітайскіх школьнікаў

Госці наведалі ўрокі мастацтва і рускай мовы ў гімназіі. Яны расказалі вучням пра родны горад Нанкін – паўночную сталіцу Кітая. А Пекін, як аказалася, паўднёвая сталіца.

Госці ўпэўніліся, што для вучняў Кітай – не зусім чужая краіна. Дзеці ведалі і пра філосафа Канфуцыя, і пра тое, што ў Кітаі шмат насельніцтва.

Дзеці вывучаюць кітайскія іерогліфы.

Дзеці вывучаюць кітайскія іерогліфы.

Цікава было даведацца ад Сюй Кэці, чым кітайская гімназія адрозніваецца ад беларускай.

Па словах мужчыны, кітайскія школьнікі не знаходзяцца ўсе разам. Вучні пачатковай школы, а гэта 1-6 клас, вучацца ў асобным будынку.

Пасля 6 класа пачынаецца сярэдняя школа, дзе навучаюцца тры гады. Пасля – старэйшая школа, дзе таксама вучацца 3 гады. Атрымліваецца, што навучанне ў Кітаі  доўжыцца 12 год. Дзеці  заканчваюць школу ў 18-19.

Некаторыя іерогліфы гімназісты ўжо ўмеюць пісаць. Фота Аксаны Ярашонак.

Некаторыя іерогліфы гімназісты ўжо ўмеюць пісаць. Фота Аксаны Ярашонак.

Вучняў у кітайскіх класах  больш, чым у нас. Калі школа спецыялізаваная, у адным класе – 25-36 школьнікаў. У звычайных школах – 50-55 чалавек у класе. Да таго ж у Кітаі будуецца шмат новых школ.

Уразілі няўсмешлівыя людзі і прыгожыя дзяўчаты

Прафесар прызнаецца, што да свайго прыезду ў Беларусь ён мала ведаў пра гэту краіну.

Цяпер жа шмат пра гісторыю і культуру нашай краіны ведае не толькі ён, але і яго кітайскія сябры. А хутка будуць ведаць яшчэ больш. Бо, па словах Сюя Кэці, у другім Пекінскім інстытуце замежных моў адкрылі спецыяльнасць “беларуская мова і літаратура”.

Яшчэ прафесар прызнаўся, што ў Беларусі яго ўразілі ветлівыя людзі і прыгожыя дзяўчаты.

Па словах дырэктара гімназіі, Цянь Вэньюй заўсёды рыхтуе шмат матэрыялаў да ўрока.

Па словах дырэктара гімназіі, Цянь Вэньюй заўсёды рыхтуе шмат матэрыялаў да ўрока.

Калега прафесара Шы Лін расказала, што ёй спадабаліся вялікія лясы. Уразіў чысты і ўтульны Мінск.

А яшчэ жанчына заў­важыла, наколькі ў нас няўсмешлівыя людзі:

– Я заўсёды ўсміхаюся. Нават незнаёмым. А тут, у Беларусі, мне чамусьці не ўсміхаюцца ў адказ.

26 кастрычніка інстытут Канфуцыя арганізаваў паездку беларускай дэлегацыі ў Кітай. Сярод запрошаных – дырэктар маладзечанскай гімназіі №10 Таццяна Камкова.