Праект “Творчасць, якая аб’ядноўвае сэрцы”, рэалізуюць педагогі  сярэдняй школы №5 Маладзечна і Чысцінскай сярэдняй школы. 

Пра тое, чым канкрэтна займаюцца ў Чысцінскай СШ у межах гэтага праекта, расказала намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Лемантовіч.

– Асаблівую ўвагу ў праекце мы надаём дзецям з асаблівасцямі развіцця, – кажа Алена Віктараўна.

Першым буйным вынікам праекта стаў спектакль “Казка пра дурное мышаня”, які паказалі вучні Чысцінскай сярэдняй школы.

У стварэнні спектакля дапамагалі і бацькі, і педагогі, і старшакласнікі.

У казцы было ажно 13 дзеючых асоб, іх ігралі дзеці, якія вучацца з другога па 10 класы.

Сюжэт казкі, напэўна, вядомы многім і мамам, і дзеткам.

Непаслухмянае мышаня не хацела, каб мама-мыш перад сном пішчала ёй калыханкі. Тады мама пачала тэлефанаваць суседзям, каб тыя прыйшлі “пакалыхаць дзетку”.

Ролю маленькага мышаняці выканала Каця Мацкевіч. Мама-мыш – Лізавета Шупляк.

Маленькае мышаня прыходзілі пакалыхаць і Качка, яе ролю выконвала Валя Бакуновіч, і Курыца – Дыяна Стрыжкова,  і Парася – Максім Стэсеў, і Кабыла – Паліна Юрынава, і нават Жаба, роля якой дасталася Паліне Пушкаровай. 

Апошняй у дом да мышы калыхаць мышаня прыходзіць Котка – Паліна Чубанава. Яна і забірае мышаня да сябе. Але хітрае мышаня абыгрывае котку ў “кошкі-мышкі” і збягае дадому.

Па дарозе ёй сустракаюцца Вожычыха з Вожыкам, ролі якіх выканалі Дар’я Юрэвіч і Мікіта Хальчыцкі, а таксама Пугач, ролю якога выканаў Іван Струнгару. Ад Пугача Мышаня хавалася пад лопухам, ролю якога выканаў Радзівон Мушавец.

– Радзівон проста як памочнік прыходзіў на рэпетыцыі, – расказвае Алена Лемантовіч, – а ў нас тут узнікла пытанне, як зрабіць так, каб Мышаня магло схавацца пад расліну. І Радзівон сам прапанаваў быць Лопухам. Роля адказная, не смейцеся, трэба было адказна выходзіць у патрэбны час, каб Мышаня магло своечасова схавацца.

Несправядліва б было не адзначыць Алену Галюк, якая выконвала ролю расказчыцы. Казка, як гэта і павінна быць, закончылася добра. І не толькі таму, што так павінна быць па сюжэце, а і таму, што ў зале гледачы казку прымалі вельмі добра.

І калі Алена Лемантовіч прапанавала гледачам выказаць свае ўражанні, першым гэта зрабіў вучань пачатковых класаў, які адзін на ўсю залу крыкнуў: “Дзякуй вам”.

Падрыхтоўка да спектакля доўжылася цягам месяца.

Дырэктар школы Аляксандр Кісель прызнаецца, што сам адчуў, як важна было дзецям увесь час знаходзіцца ў творчым працэсе.

– У мяне ёсць завядзёнка, з 11-класнікамі вітацца за руку, дык вось для дзяцей, якія былі ўдзельнікамі спектакля, я зрабіў выключэнне і вітаўся за руку і з шасці-, і з васьмікласнікамі. І бачыў, які гэта аўтарытэт у вачах іх аднакласнікаў.

Яшчэ дзеці пазнаёміліся адзін з адным, што асабліва важна для дзетак з асаблівасцямі развіцця. Разам ішлі са школы, разам абедалі ў сталоўцы.

Мама Вані Струнгару, таго, што выконваў ролю Пугача, Лілія Струнгару, прызналася, што спачатку яна баялася адпускаць сына на рэпетыцыі:

– Але потым я стала заўважаць, што з Ванем вітаюцца дзеці, пытаюцца, як у яго справы. Хаця да гэтага праекта Ваня быў дастаткова замкнёным дзіцем. А цяпер у яго ўся школа – сябры.

Тое, што праект прадоўжыцца, Алена Лемантовіч ведае дакладна, а вось чым будзе здзіўляць  сваіх вучняў Чысцінская СШ далей, пакуль сакрэт.

Толькі як бы між іншым дырэктар і яго намесніца сказалі, што блізяцца навагоднія святы, а значыць, і час цудаў для маленькіх артыстаў і ўдзячных гледачоў.