Жыхару Ільі, пісьменніку, краязнаўцу Уладзіміру Кажамяку ў ільянскай школе ўручылі білет сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Выканаць гэту ганаровую місію прыехалі госці з Мінска – паэты Усевалад Сцебурака і Аксана Спрынчан.

Мы ўсе шчыра парадаваліся разам з Уладзімірам Кажамякам. Дарэчы,  убачылі свет ужо тры яго кнігі: “Ходзіць вёскамі сіняе лета” (2009 г.), “Не пакідаюць нас белыя лебедзі” (2011 г.), “Цяпер і мне ўспомніць можна” (2016 г.).

Аксана і Усевалад наведалі школьныя народныя музеі “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды”. Іх здзівіла багацце  музейных матэрыялаў.

А ў школьнай зале зладзілі літаратурную гасцёўню з удзелам вучняў 5-11 класаў. Вучаніцы 9 класа Кацярына Тонкавіч і Яўгенія Краўчонак пазнаёмілі дзяцей з кароткімі біяграфічнымі звесткамі  пра нашых гасцей. Артур Забаронак і Кірыл Яцэвіч прачыталі вершы Усевалада Сцебуракі.

Гледачы даведаліся, што Усевалад  – наш зямляк. Ён нарадзіўся ў сям’і дактароў Мікалая і Інэсы Сцебуракаў. Скончыў вілейскую гімназію, гістарычны факультэт БДПУ імя Максіма Танка. Ён аўтар уласных кніг і лаўрэат літаратурных прэмій. Цяпер –  памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аксана Спрынчан працуе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Яна нарадзілася ў Лунінцы. Яе дзядуля і бацька таксама літаратары.

Аксана і Усевалад слухалі пра сябе з лёгкай усмешкай на твары.

Усевалад Сцебурака прачытаў вучням свае вершы. І ў размове з гледачамі, і ў радках вершаў адчувалася любоў аўтара да дамашніх жывёл. Гэтыя творы ён змесціць у новым зборніку, які рыхтуе да друку.

Усевалада Сцебураку зацікавіў экспанат школьнага краязнаўчага музея. Фота Аксаны Спрынчан.

Усевалада Сцебураку зацікавіў экспанат школьнага краязнаўчага музея. Фота Аксаны Спрынчан.

Паэт распавёў пра новы праект “Пяцісотгоднасць”, што ладзіцца сёлета культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Затым мікрафон перайшоў у рукі Аксаны Спрынчан. Яна таксама пазнаёміла аўдыторыю са сваімі новымі творамі.

Напрыканцы сустрэчы Усевалад падарыў школьнаму музею апошнія выданні часопіса “Дзеяслоў”, зборнікі твораў маладых пісьменнікаў, дыск з запісамі вершаў беларускіх пісьменнікаў у выкананні саміх аўтараў. А вучні, якія выступалі перад гасцямі,  атрымалі беларускамоўныя паштоўкі.

Уладзімір Кажамяка. Фота Аксаны Спрынчан.

Уладзімір Кажамяка. Фота Аксаны Спрынчан.

Мерапрыемства закончылася традыцыйна: зрабілі агульны здымак на памяць.

На развітанне чуліся словы ўдзячнасці за цёплую і шчырую сустрэчу.

Адна з папак у школьным музеі. Фота Усевалада Сцебуракі.

Адна з папак у школьным музеі. Фота Усевалада Сцебуракі.

На школьным двары госці прыпыніліся ля мемарыяльнай дошкі Змітраку Бядулю.  Аксана Спрынчан усклала да яе восеньскія кветкі.

Але на гэтым госці яшчэ не развітваліся з Ільяй. Іх чакалі навучэнцы і выкладчыкі Ільянскага аграрнага каледжа.