“РГ” сумесна з фітнес-клубам “Тытан” запусціла праект “Зорка з трэнажоркі”. Цягам трох месяцаў у газеце трэнер дае парады, як пахудзець, а я, слухаючыся яго ва ўсім, праверу парады на сабе.
Калі я скажу, што цягам усіх гэтых трох тыдняў я бездакорна выконвала ўсе парады ў трэніроўках і харчаванні, то вымушаная прызнацца – не.
Здаралася, што і цукерачка ў рот трапляла, і ў трэніроўцы трохі халтурыла. Напрыклад, выконвала не 40, а 36 прысяданняў.
Цяжкая гэта справа, хачу я вам сказаць, – трымаць сябе ў руках.
Было нават такое, што не хацелася ісці на чарговую трэніроўку. Але гэты “нехачуха” паміраў унутры мяне пасля таго, як я ступала на бегавую дарожку. Далей – справа тэхнікі.
А яшчэ вельмі натхняюць маладзечанцы.
Стаю ў суботу на прыпынку, гляджу расклад транспарту, а мне тут нейкі мужчына: “Ну, мінус колькі сантыметраў”. Ой! А за мной, аказваецца, сочаць.
Трэнер Руслан Дунец у сераду паглядзеў на мяне і сказаў: “Тааааак, трэба дадаваць яшчэ дзве трэніроўкі – адну сілавую па пятніцах і адну кардыя – у нядзелю”.
Чатыры трэніроўкі ў тыдзень!
Расказала пра гэта дзяўчатам у распранальні. І, ведаеце, ніхто не здзівіўся. Так, кажуць, мы бегаем на стадыёне раз на тыдзень, плаваем у басейне.
Але гэта таго варта, падумала я, калі звярнула ўвагу на тое, як дзяўчаты круцяцца каля люстэрка і хваляць сябе за скінутыя кілаграмы, падцягнутую фігуру.
У тую ж сераду стала на вагі: мінус чатыры кілаграмы.
Не спяшайцеся казаць: “Фууууу, можна было б і 14”! У мяне наперадзе яшчэ амаль два месяцы трэніровак да першапачаткова заяўленага выніку.
Таму вельмі актыўна запрашаю чытачоў далучацца.
Асабліва запрашаю чытачоў-студэнтаў, таму што клуб “Тытан” прапануе спецыяльны абанемент для студэнтаў. Кошт абанемента – 19 рублёў у месяц. Колькасць наведванняў – неабмежаваная. Таму можна пары прагульваць з карысцю ў трэнажорнай зале. Вядома, я жартую.
І яшчэ невялічкая навіна для тых, хто лічыць сваё цела бездакорным.
Клуб “Тытан” запрашае на конкурс “Mr.& Ms. EUROPA Fitness”. Конкурс для тых дзяўчат і хлопцаў, якім ёсць чым пахваліцца.
Я сёлета пагляджу, а на наступны год буду ўдзельнічаць сама.