Восень – добры час, каб захутацца ў плед, узяць кубачак гарачага чаю і пачытаць добрую кнігу. Мы прапануем некалькі варыянтаў.

1. Ганна Гавальда “Я яе кахаў. Я яго кахала”.

Лейтматывам рамана з’яўляюцца словы “Заўсёды гавораць пра гора кінутых… А ты калі-небудзь думала пра тых, хто сыходзіць?”

Здаецца, што ў сюжэце аўтар не адкрывае нешта новае. Ад маладой жанчыны сыходзіць муж, яна застаецца з двума дзецьмі.

У цяжкай сітуацыі яе падтрымлівае свёкар П’ер, які, як падаецца многім, ні ў што не ставіць іншых людзей, думае толькі пра свой камфорт. Аднак у гэтай сітуацыі ён раскрываецца з іншага боку.

Калі П’ер ужо быў жанаты, сустрэў каханне ўсяго жыцця. Менавіта гэта жанчына дапамагала яму быць самім сабой і не баяцца сваіх слабасцяў. П’ер доўга вагаўся: застацца з жонкай і дзецьмі альбо даць сабе магчымасць быць шчаслівым. Ён пабаяўся зрабіць рашучы крок і ад гэтага пакутаваў усё жыццё. Сваёй гісторыяй ён дае падставу для развагі нявестцы: ці заўсёды лепш застацца і тым самым рабіць няшчаснымі сваю сям’ю, ці лепш набрацца смеласці і пайсці…

Фота loveraintoo.beon.ru.

Фота loveraintoo.beon.ru.

2. Сесілія Ахерн “Не веру. Не спадзяюся. Кахаю”.

Амаль 50 гадоў жыцця галоўных герояў змясціліся ў кнігу. Розі і Алекс сябруюць з дзяцінства. У школе яны складаюць планы на жыццё, Алекс марыць пра кар’еру доктара, Розі хоча працаваць у гатэлі. Аднак жыццё распараджаецца па-іншаму: калі ў Алекса ўсё атрымліваецца з работай, то Розі нараджае дзіця і ўвесь час змагаецца за тое, каб рэалізаваць сваю мару.

Галоўныя героі будуюць сваё жыццё, робяць памылкі ў выбары мужа і жонкі. Але ўсё таму, што ў свой час пабаяліся сказаць адно аднаму кахаю. Гэта атрымоўваецца зрабіць у 50 гадоў.

Прываблівае ў кнізе стыль напісання: гэта не звыклы аповед; пра думкі, пачуцці герояў мы даведваемся праз электронныя лісты, якія яны пішуць адно аднаму.

3. Марыя Пар “Вафельнае сэрца”.

Фота orzinka-schastiya.com.

Фота orzinka-schastiya.com.

Напрыканцы асенніх канікулаў прапануем пачытаць разам з дзецьмі кранальную гісторыю сяброўства дзевяцігадовага Трыле і яго сяброўкі Алены.

Дзіцячымі вачамі мы можам паглядзець на дарослых, іх важнасць у жыцці; пачуць развагі пра тое, што такое сапраўднае сяброўства, каханне. Разам з маленькімі героямі вы будзеце смяяцца над дзіцячымі прыгодамі, плакаць пасля страты блізкіх. Але самае га­лоў­нае: вы паверыце ў тое, што сябрамі можна застацца на ўсё жыццё.

Старонкі гэтай кранальнай гісторыі глытаеш адна за другой, настолькі захапляешся напісаным. Вечар з гэтай кнігай праляціць імгненна.