Сёння памёр былы сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Прычынай смерці стала цяжкая хвароба, паведамляе БелТА.

Мікалай Лазавік нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Невіняны Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, у 1993 годзе – Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 2000 годзе – Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, у 2003 годзе – аспірантуру пры Акадэміі кіравання. Меў навуковую ступень кандыдата эканамічных навук.

Раней Мікалай Лазавік быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання, уваходзіў у камісію па дзяржаўным будаўніцтве і мясцовым самакіраванні. Пост сакратара ЦВК ён займаў з 2000 года. Быў вызвалены ад гэтай пасады 17 кастрычніка 2016 года па стане здароўя ўказам кіраўніка дзяржавы.