Беларусь адносіцца да той катэгорыі краін, дзе на працягу доўгага перыяду часу колькасць мужчынскага насельніцтва меншая за колькасць жаночага. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Сусветнага дня мужчын, які адзначаецца ў першую суботу лістапада, пачынаючы з 2000 года.

У Беларусі колькасць мужчын на 1 студзеня 2016 года склала 4 млн 420,8 тыс. чалавек, або 46,5% ад агульнай колькасці насельніцтва. У сярэднім па краіне на пачатак гэтага года на 1000 мужчын прыпадала 1149 жанчын.

Пры гэтым хлопчыкаў заўсёды нараджаецца больш, чым дзяўчынак. У 2015 годзе нарадзілася 61,3 тыс. хлопчыкаў і 57,7 тыс. дзяўчынак. Як вынік, на 1000 хлопчыкаў, якія нарадзіліся, прыпадала ўсяго 939 дзяўчынак. Аднак па меры сталення дыспрапорцыя паміж мужчынам і жанчынай выраўноўваецца і ва ўзросце 30 33 гады суадносіны жанчын і мужчын становяцца прыкладна аднолькавымі, а затым пачынаюць складвацца на карысць жаночага насельніцтва. У пажылым узросце назіраецца найбольшая дыспрапорцыя. Так, да 65 гадоў мужчын становіцца ў паўтара раза менш, чым жанчын, а да 74 гадоў больш чым у два разы.

У 2015 годзе чаканая працягласць жыцця ў мужчын склала 68,6 года, у жанчын  78,9 года. З 2005 года разрыў у паказчыках чаканай працягласці жыцця паміж мужчынамі і жанчынамі скараціўся з 12,2 да 10,3 года.

Сярэдні ўзрост мужчын на 1 студзеня 2016 года 37,3 года. Прычым у гарадах мужчынскае насельніцтва значна больш маладое, чым у сельскай мясцовасці, адзначаюць у Белстаце. Так, сярэдні ўзрост мужчын, якія пражываюць у гарадах, складае 36,2 года, сельскіх жыхароў — 40,9 года.

У агульнай колькасці мужчын у працаздольным узросце знаходзіцца 65,3%, старэйшых за працаздольны ўзрост  15,6%, малодшых за працаздольны  19,1%.

У 2015 годзе ў шлюб ўступіла 82 000 мужчын. Пры гэтым упершыню стварылі сем`і 59,5 тысяч мужчын. Мужчыны часцей ствараюць сем`і ва ўзросце 25—29 гадоў і 20—24 гады.

У 2015 годзе з агульнай колькасці мужчын, якія ўступілі ў шлюб, 1263 беларусы выбралі нявесту з Расіі, 711  з Украіны, 33  з Літвы, 20  з Латвіі, 12  з Ізраіля.