У сераду, 2 лістапада, у Маладзечне выпаў першы снег. Пакуль дарожныя службы змагаюцца з наступствамі начнога снегападу, сіноптыкі сцвярджаюць, што гэта пакуль не зіма. 

Але палохаюць тым, што на Беларусь рухаецца моцны цыклон, які прынясе снегапады, завірухі, вецер, мокры снег.

Пра тое, якой зімы чакаць сёлета, мы пагаварылі з кіраўніком групы гідраметэаралогіі  вілейскай гідраме­тэа­станцыі Вячаславам Лапко.

– Адразу магу сказаць, што ні адзін сіноптык вам не скажа, якая сёлета будзе зіма, цёплая ці халодная. Але прагноз на бліжэйшы тыдзень можам сказаць дакладны.

У бліжэйшыя дні ў Беларусь прыйдзе магутны цыклон з Ісландыі, які прынясе з сабой завірухі, мокры снег і дождж.

Пасля гэтага, прагназуюць спецыялісты, зноў усталюецца плюсавая тэмпература і снег растане.

– Зімы пакуль не будзе, – кажа Уладзіслаў Лапко. – Да чаго трэба рыхтавацца, дык гэта да галалёдзіцы і дажджоў з мокрым снегам, якія будуць ісці і ісці.

Уладзіслаў Лапко адзначае, што і 2016 год быў анамальна цёплы.

– Успомніце мінулую зіму. Выпаў снег на колькі? На тыдзень. І ў канцы студзеня крыху памарозіла. І ўся зіма на гэтым. У нас ужо два гады не было паводкі.

Пры гэтым, сцвярджае сіноптык, народныя прыкметы наконт таго, якой будзе зіма, цяпер не працуюць.

– Іх народ прыдумваў тады, калі клімат быў без сюрпрызаў. Яшчэ гадоў 20-25 зімы былі марозныя і снежныя. Але толькі не цяпер.

Адна з самых простых народных прыкмет, якую мы можам праверыць, сцвярджае, што калі выпаў першы снег, праз 40 дзён усталюецца зіма.

Андрэй Паплёўка, начальнік ДРСУ-195, расказаў, што службы працуюць у штатным рэжыме.

– Тэхніка выехала на дарогі ў 22:00 у аўторак.  На раніцу ў сераду ў раёне працавала восем машын, якія пасыпалі дарогі саляна-пясчанай сумессю.

 У ноч, калі выпаў першы снег, машыны ДРСУ ачысцілі 147 кіламетраў дарог у Маладзечанскім раёне. 

ДАІ дае парады кіроўцам і пешаходам

За першыя суткі, калі выпаў снег, у Мінскай вобласці здарылася чатыры ДТЗ.

ДАІ рэкамендуе не чакаць 1 снежня, а ўжо замяніць гуму на зімовую.

У складаных умовах надвор’я (снег, мокры снег, галалёдзіца)  ДАІ  заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху праяўляць павышаную асцярожнасць.

У няпростых умовах надвор’я кіроўцам рэкамендуецца выбіраць бяспечную хуткасць і павялічваць дыстанцыю. З асаблівай асцярогай рухацца ў дварах, па мастах, пры праездзе пешаходных пераходаў.

Рэзка не тармазіць і не рабіць манеўраў, якія могуць прывесці да стварэння аварыйных сітуацый.

Пачынаць рух толькі пасля таго, як старанна ачысціце шкло аўтамабіля, асабліва лабавое, ад абледзянення і запацеласці пасля начной стаянкі.

Падчас ападкаў ўключаць блізкае святло фар. Абавязкова прышпільвацца ўсім, хто ся­дзіць у аўтамабілі.

На загарадных дарогах з-за заснежаных абочын пешаходы могуць ісці па краі праезнай часткі. Трэба улічваць гэта, асабліва на пад’ездах да населеных пунктаў.

Цёплае верхняе ­адзенне  робіць пешаходаў менш рухомымі, шалікі і капюшоны абмяжоўваюць агляд, дрэнная бачнасць і слізкая дарога перашка­джаюць людзям хутка адрэагаваць на небяспеку.

Пешаходам рэкамендуецца праяўляць максімум увагі і асцярожнасці пры перасячэнні праезнай часткі. Памятайце, што аўтамабіль немагчыма спыніць імгненна. Ідзіце на пешаходны пераход, толькі загадзя пераканаўшыся, што кіроўцы паспелі спыніцца. Пазначайце сябе святлоадбівальнымі элементамі.

Веласіпедыстам і кіроўцам мапедаў нагадваем, што, згодна з правіламі, падчас снегападу і галалёдзіцы рухацца на двухколавым транспарце забаронена.