Ад 1 студзеня 2017 года ўсіх грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, вызваляюць ад выплаты дзяржаўнай пошліны за ўезд  або уваход і знаходжанне ў памежнай зоне. Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржпагранкамітэта.

Цяпер пры наведванні рэжымнай тэрыторыі неабходна толькі мець з сабой дакумент: пашпарт, пасведчанне бежанца або дазвол на жыхарства.

Яшчэ адна актуальная для беларусаў змена – тэрмін дзеяння пропускаў у памежную паласу павялічваецца з 1 года да 2-х гадоў. Дзяржпошліна за дадзеную паслугу складзе 0,4 базавай велічыні.

Плаціць яе не прыйдзецца жыхарам памежнай зоны, работнікам арганізацый, якія вядуць гаспадарчую дзейнасць у памежнай паласе і шэрагу іншых катэгорый грамадзян, для чаго падрыхтаваны адпаведны праект указа.

У новым годзе зменіцца парадак наведвання памежнай зоны і памежнай паласы для замежных грамадзян. Так, тэрмін дзеяння пропуску ў памежную зону павялічыцца з 1 года да 2-х гадоў, а стаўка дзяржаўнай пошліны за яго выдачу складзе 0,4 базавай велічыні.

Парадак атрымання пропуску ў памежную паласу будзе такім самым, як і для грамадзян Беларусі. Бясплатна трапіць у памежную паласу зможа іншаземец, які мае пропуск у памежную зону.

Памежная зона – участак мясцовасці, які прылягае да дзяржаўнай мяжы ў сярэднім на глыбіню да 30 км.

Памежная паласа – участак мясцовасці, які прылягае да дзяржаўнай мяжы ў сярэднім на глыбіню да 10 км.