Ад 3 да 6 лістапада ў Мінску прайшоў дзявяты Міжнародны фестываль прыгажосці “Ружа вятроў HAIR – 2016”. У цырульніцкім майстэрстве, дэкаратыўнай касметыцы і пазногцевым сервісе змагаліся каманды з Расіі, Казахстана, Украіны і Беларусі.

Адной з удзельніц стала выкладчыца вучэбнага цэнтра “Сфера прыгажосці” Марына Сіняўская. Яна перамагла ў шэрагу намінацый: атрымала золата за мужчынскі манікюр, срэбра за базавае мадэляванне пазногцяў, прызавое месца за фантазійную фотаработу.

Марына Сіняўская. Фота забяспечана Барысам Прадухам.

Марына Сіняўская. Фота забяспечана Барысам Прадухам.

Конкурсная фотаработа Марыны Сіняўскай. Фота забяспечана Барысам Прадухам.

Конкурсная фотаработа Марыны Сіняўскай. Фота забяспечана Барысам Прадухам.

Летась у аналагічным чэмпіянаце візажыст Святлана Прадуха стала абсалютным чэмпіёнам краіны па дэкаратыўнай касметыцы.

Чытачам “РГ” Марына Сіняўская дала парады, як даглядаць за пазногцямі і рукамі восенню і зімой, калі скура найбольш уразлівая.

Што можна рабіць самастойна?

Фота OMaske.ru.

Фота OMaske.ru.

1. Выконвайце дамашнюю работу толькі ў пальчатках, нават калі чысціце бульбу.

2. Выкарыстоўвайце ахоўныя крэмы за 30 хвілін да выхаду з дому. На ноч – увільгатняльныя крэмы, для кутыкулы –касметычныя, а таксама ўвільгатняльныя алеі.

3. Ні кроку на вуліцу без пальчатак. Яны не толькі абароняць скуру, але і ўпрыгожаць вобраз.

4. Раз на тыдзень рабіце ванначкі з марской соллю  ці лімонным сокам. Гэта дапаможа пазбегнуць слаення і ломкасці пазногцяў.

5. Пажадана рабіць у салонах і манікюрных кабінетах спа-догляд. Ён уключае у сябе скрабіраванне, маску і парафінатэрапію ў тэрмапальчатках.

Навучанне спа-догляду ўваходзіць у праграму вучэбнага цэнтра “Сфера прыгажосці” па накірунку “майстар па манікюры і педыкюры 3 разраду”.

– Даглядаць за рукамі і пазногцямі неабходна ў любым узросце, – заўважае спецыяліст. – Часта можна сустрэць жанчын 50 гадоў са скурай маладой дзяўчыны, але ёсць і маладыя жанчыны з састарэлай скурай і недагледжанымі пазногцямі.

Варта нагадаць і мужчынам, што даглядаць за рукамі – гэта не сорамна.

Як часта трэба рабіць манікюр і педыкюр восенню і зімой?

Фота py4ki.3dn.ru.

Фота py4ki.3dn.ru.

Ёсць меркаванне, што зімой людзі менш даглядаюць за сабой, таму што ходзяць у шапках і цёплым адзенні. Гэта не так, хто рабіў гэта летам, той не змяняе свае звычкі і зімой.

Манікюр рэкамендавана рабіць раз у два тыдні. Педыкюр – раз у паўтара-два  месяцы.

Фота erroso.gr.

Фота erroso.gr.

Лепш, калі вы атрымаеце індывідуальныя парады ад майстра. Памятайце, пры выбары спецыяліста звярніце асаблівую ўвагу на выкананне ім санітарна-тэхнічных нормаў, бо пры працы з пазногцямі ёсць вялікая рызыка занесці інфекцыі, грыбок, у тым ліку і гепатыт.

Рабіце свой выбар на карысць легальных паслуг, салонаў і кабінетаў, якія прайшлі сертыфікацыю.