Край, які падарыў Якубу Коласу музу і каханую жонку Марыю Каменскую (Міцкевіч). Даў апошні прытулак беларускаму паэту Францішку Багушэвічу. Сёння распавядаем пра літаратурнае жыццё Ашмянскага раёна.

  • У 16 стагоддзі вёска на Ашмяншчыне  Біюцішкі належала публіцысту Андрэю Волану. У 1610 годзе ён тут памёр і пахаваны.
  • У 17 стагоддзі ў Ашмянах працавала друкарня
  • У школе кляштара базыльянаў у Барунах у другой палове 18 стагоддзя вучыліся пісьменнікі Антон Адынец, Юльян Корсак, Ігнат Ходзька. У гэтым жа будынку ў 1920 годзе была адчыненая першая ў Польшчы беларуская настаўніцкая семінарыя
  • Багатым на імёны і даты літаратурнае жыццё Ашмяншчыны было ў 19 стагоддзі
  • У Ашмянах у 1822 го­дзе нарадзіўся яўрэйскі пісьменнік Якаў Сапіра. У 10-гадовым узросце разам з сям’ёй ён пераехаў у Палесціну, дзе пасля выходзілі яго кнігі

Фота fgb.by.

Фота fgb.by.

  • Вёску Каменны Лог і яе ваколіцы ў 19 стагоддзі ў нарысе “Падарожжа з Вільні ў Ашмяну” апісаў паэт  Уладзіслаў Сыракомля. А ў 1856 годзе ён згадаў гэтыя мясціны ў сваім дарожным дзённіку
  • У вёсцы Гейстуны нарадзіўся польскі паэт, перакладчык, выдавец Антон Адынец (1804-1885). У час вучобы ў Віленскім універсітэце ён пасябраваў з літаратарамі Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашам Занам, Ігнатам Дамейкам. У 1848 годзе беларускі фалькларыст і этнограф з Ашмянаў Рамуальд Зянькевіч выдаў кнігу “Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета”
  • У Жупраны з суседніх Кушлянаў часта прыязджаў Францішак Багушэвіч. Цяпер мясцовая школа носіць імя паэта. У Ашмянах ёсць музей Багушэвіча і вуліца, названая яго іменем.
  • На магілу да Багушэвіча ў Жупраны прыязджалі ў пачатку 20 стагоддзя Якуб Колас і Янка Купала.

Фота osh.by.

Фота osh.by.

  • З маёнтка Паляны паходзіць польскі паэт і празаік, публіцыст, перакладчык, краязнаўца, літаратурны крытык Чэслаў Янкоўскі (1857–1929). Ён аўтар вядомай працы “Ашмянскі павет. Матэрыялы да гісторыі зямлі і людзей”, дзе ёсць звесткі па гісторыі асобных родаў, шляхецкіх сядзібаў Ашмяншчыны.
  • У Гальшанах у 1890 годзе нарадзіўся паэт Вінцук Адважны (Язэп Германовіч). Ён пісаў апавяданні, вершы, байкі. Аўтар кніг “Беларускія цымбалы”, “Князь і Лапаць”, “Байкі і іншыя вершы”. Апошнія гады жыў у Англіі, рэдагаваў часопіс “Божым шляхам”.
  • А ў Семерніках нара­дзіўся і жыў сапраўдны беларускі народны казачнік Макар Спірыда (1867–1950). У 1948 годзе ад яго запісалі шмат фальклорных твораў.
  • Вёска Навасяды – ра­дзіма фалькларыста, паэта, карэспандэнта “Нашай Нівы” Андрэя Зязюлі.

Фота oshmiany.info

Фота oshmiany.info

  • У 1920-я гады ў Ашмянах месцілася беларуская кнігарня, заснаваная мовазнаўцам і перакладчыкам, ураджэнцам Смаргоншчыны Янкам Станкевічам.
  • На літаратурнай старонцы раённай газеты “Ашмянскі веснік” сёння перыядычна друкуюцца творы Анатоля Кава­леў­скага, Валянціны Васюкевіч, Галіны Даўгашэй, Валянціны Ліштван, Яўгена Куста, Ядвігі Чаплінскай, Пятра Шаколы і іншых.
  • Пры газеце працуе літаратурнае аб’яднанне. Ім кіруе літаратар і журналіст Аліна Санюк.

Пётр Шакола

Нарадзіўся ў Ашмянах у 1946 годзе, дзе жыве і цяпер. Працаваў рабочым, служачым, настаўнікам і дырэктарам школы. Цяпер на пенсіі.

Скончыў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут і БДУ.

Са школьных гадоў у ашмянскай райгазеце друкаваліся яго заметкі, артыкулы, нарысы і эсэ на розныя тэмы, пазней – вершы.

Удзельнічаў у праграмах рэспубліканскага радыё “Культура”. Самастойна выдаў некалькі паэтычных зборнікаў.

Аўтар “Рэгіянальнай газеты”.

Фота oldtimewallpapers.com

Фота oldtimewallpapers.com

Я

Я не сягаю ў глыбіню,

Гляджу ў сябе і наваколле,

Не парушаю цішыню,

А вэрхал не люблю,
                           тым болей.

Я па натуры – аптыміст,

З налётам лёгкім песімізму,

І па жыцці – мінімаліст,

Былы прыхільнік альтруізму.

Фота tomkad.livejournal.com

Фота tomkad.livejournal.com

Ашмяны – родны кут

Ашмяны – родны кут, наш старажытны горад,

Ссівелы мой літвін, паляк і беларус!

На ростанях вякоў – ты, як былінны волат,

На краечку зямлі пад назвай Беларусь.

Ніколі ні прад кім не стаў ты на калені,

На вастрыё кап’я нанізваў ваяроў,

Заўсёды мудрым быў, дасціпным і сумленным,

Ласкава сустракаў і прытуляў сяброў.

І сёння ты такі ж: утульны і гасцінны,

Ты не адну душу сваім цяплом сагрэў,

З табою – мар узлёт і лепшыя часіны,

І дыхаць лёгка тут пад зелянінай дрэў.

Жыві і прыгажэй, наш мілы сэрцу горад,

Звязалі мы свой лёс з табою назаўжды.

На ростанях шляхоў ёсць ты, мой добры волат,

І ў новы век ляцяць імклівыя гады.

Фота beautifulwallpapers.ru.

Фота beautifulwallpapers.ru.

Памяць пра бацьку

Калі згадаю бацьку я –

У памяці ўзнікае поле

І конь, і свежая ралля,

А навакол – вясны раздолле.

Умеў наш тата працаваць,

Ісці за плугам росным ранкам.

Вучыў мяне касіць, араць,

Будзіў без жалю на світанку.

Я і цяпер каня змагу

Запрэгчы ў колы, асядлаю.

Цану рыдлёўцы і плугу,

Касе, граблям і вілам знаю.

І не пісаў бы вершаў я,

Калі б не зведаў тое поле,

Дзе конь і свежая ралля,

Ды навакол – вясны раздолле.

Валянціна Ліштван (Навумчык)

Нарадзілася ў вёсцы Маркіняты Ашмянскага раёна. У сям’і было чацвёра дзяцей.

Дар пісаць вершы атрымала ад бацькі. Ён пісаў і марыў друкавацца. Але не паспеў. Памёр за 4 месяцы да нараджэння Валянціны. А калі ёй споўнілася 12 гадоў, памерла і мама. Таму ёй рана давялося паспытаць дарослае жыццё.

 Скончыла Міхайлошчынскую базавую школу, затым Гродзенскае культурна-асветнае вучылішча, аддзяленне харавога дырыжыравання.

Працавала ў розных установах культуры і адукацыі. Цяпер працуе ў раённым цэнтры культуры мастацкім кіраўніком і кіраўніком народнага тэатра гульні і забавы.

Піша сцэнарыі мерапрыемстваў, дзіцячых тэатральных пастановак, сама рэжысіруе.

Сур’ёзна пачала пісаць вершы у студэнцтве. Перыядычна друкуецца ў мясцовай газеце, калектыўных зборніках паэтаў Гро­дзеншчыны.  Ёсць невялікі зборнік вершаў і зборнік аўтарскіх сцэнарыяў.

 Супрацоўнічае з мясцовымі кампазітарамі Мікалаем Разенбергам і Мікалаем Федарэнкам. Сумесныя песні гучаць не толькі на Ашмяншчыне, але і за яе межамі.

Нязменны аўтар сцэнарыяў адкрыцця фестывалю “Гальшанскі замак”.

Аўтар сцэнарыя прэзентацыі Ашмянскага  раёна ля нацыянальнай бібліятэкі.

Фота GetBg.net.

Фота GetBg.net.

Спадчына

Дзе спеў птушыны абуджае гай,

Дзе па-сіроцку апусцелі хаты –

Там самы любы і прыгожы край,

Мая Радзіма – вёска Маркіняты.

Там кожная сцяжыначка вядзе

Да самых родных сэрцу успамінаў –

Вось Зорка у вясковай чарадзе,

І хата на узгорку каля тыну.

Вячэрні і духмяны сырадой,

Матуля са збаночкам каля печы.

І цэдзіць пільна, хвалячы надой,

А з кубкам тут як тут і я, малеча.

Ізноў, ізноў мінулае бяжыць

Крыніцаю, рачулкаю, сцяжынкай.

І так мне хочацца хоць крышачку пажыць

На спадчыне маленькаю дзяўчынкай.

Каб побач і матуля, сёстры, брат,

Вясёлы гоман дружнае вячэры.

Але жыццё не павярнуць назад,

Насустрач мама не адчыніць дзверы.

Калі апошні свой адчую час,

Туды паеду, лягу на ўзгорак.

Пакуль жыцця агеньчык не пагас,

Успомню ўсё:  дзяцінства, радасць, гора.

Надыдзе ціха з чырванню заход,

Трава амые валасы расою.

Апошні верш прашэпча мне чарот,

І гэта ўсё я панясу з сабою…

Дзе тайны невядомага жыцця

З сустрэчай райскай і зямною стратай.

Ды нават на парозе забыцця

Са мною застануцца Маркіняты.

Фота LiveInternet

Фота LiveInternet

***

Ну вось і восень свой ступіла крок.

Пажоўклым покрывам ляжаць даліны.

Прастор барвовы не акіне зрок…

А я скрозь восень бачу вочы сына.

І золата не вабіць, як раней,

А ад вятроў душа самотна стыне.

Сярод дажджоў, туманаў і людзей,

Я зноў жа бачу толькі вочы сына.

А восень не шкадуе жаўцізны.

І ў пазалоту апранае лісце.

Усё вакол ў палоне навізны,

Я ж бачу  вочы сынавы ў блакіце.

Даруй, даруй сяброўка-восень мне,

Цябе я, залатая, не пакіну.

І боль душы калісьці  праміне,

У сэрцы застануцца вочы сына.

І будзем зноў з табою вандраваць,

Сярод лісця, шукаючы натхнення.

А вечарамі ціха ўспамінаць,

Шчаслівыя, мінулыя  імгненні.