“www.michas.by.2016” – такую незвычайную назву мае выстава фатографа Міхаіла Куляша, адкрытая 8 лістапада ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча ў Вілейцы.

Па словах фатографа, з аднаго боку такая назва – даніна сучаснасці. З іншага – разгляд выставы як магчымасці перанесці свае працы з анлайн-прасторы ў рэальны свет. Бо першапачаткова ўсе здымкі Міхаіла з’яўляюцца ў інтэрнэце.

Спачатку, прызнаецца фатограф, ён планаваў выстаўляць толькі каляровыя пейзажы. Але параіўшыся з вілейскім мастаком Эдуардам Мацюшонкам, вырашыў зрабіць выставу больш разнастайнай.

Фота Міхаіла Куляша.

Фота Міхаіла Куляша.

Таму наведнікі  змаглі  ўбачыць каляровыя і чорна-белыя здымкі, звяроў і птушак, вясковыя пейзажы і гарадскія краявіды. А яшчэ, прызнаўся фатограф, яму вельмі падабаецца здымаць горы. У свой час фотамастака вельмі натхніла падарожжа на Карпаты.

І родная Вілейка, па словах Міхася, яго заўсёды натхняла. На фотаздымках, паказаных на выставе, ­–  родны горад і наваколле, берагі Віліі і Вілейскае вадасховішча ў розныя поры года, касцёл на Цэнтральнай плошчы і панарама горада.

Але тут,  у невялікім раённым цэнтры, Міхась часам адчувае сябе адарваным ад “вялікага” творчага жыцця. Прызнаецца, што ў Вілейцы хацелася б большай супольнасці калег і аднадумцаў.

Фатаграфіяй мужчына захапляецца ўжо даўно. А ці здараліся за гэты час у яго творчыя крызісы? Своеасаблівым крызісам, лічыць фатограф, можна лічыць летнія месяцы.

Фота Міхаіла Куляша.

Фота Міхаіла Куляша.

Лета – традыцыйны час вяселляў. Таму за здымкай урачыстасцяў Міхаілу не заўсёды хапае часу паздымаць для душы.

Адкрыццё выставы адбылося ў форме літаратурна-музычнай імпрэзы. Прыйшлі настаўнікі і вучні гарадскіх школ, вілейскія творцы і краязнаўцы, сябры і сваякі Міхася.

Уласныя песні для гледачоў праспявалі віляйчане барды Уладзімір Цанунін і Алесь Наркевіч.

Адзін з зімовых пейзажаў на выставе Міхаіла Куляша. Фота Ігара Мароза.

Адзін з зімовых пейзажаў на выставе Міхаіла Куляша. Фота Ігара Мароза.

Навуковы супрацоўнік музея Надзея Аўдзей звярнула ўвагу на тое, што Міхась Кулеш –  не проста фатограф, а фотамастак. Яго працы – гэта мастацкія фотаздымкі. Нездарма Міхась прызнаўся, што калі б не стаў фатаграфаваць, то быў бы мастаком.

– Спяшаючыся на працу, мы не заўсёды можам убачыць прыгажосць роднай прыроды. Не звяртаем увагі на захады і ўсходы. А фотаздымкі Міхася даюць нам гэтую магчымасць, – падзялілася сваімі назіраннямі Надзея Аўдзей.

Выстава Міхаіла першая для яго, але не апошняя, упэўненая яна.

Фота Міхаіла Куляша.

Фота Міхаіла Куляша.

І фотамастак прызнаўся, што ад сваёй першай выставы ён чакае працягу.

– Ці маеце вы нейкія асаблівыя прынцыпы, якімі кіруецеся ў творчасці? – пытаюся ў вілейскага фотамастака.

– Ніякіх, –  адказаў Міхаіл. –  Адзіны мой прынцып – бачыць прыгожае і фатаграфаваць.