Апошні матч сезона 2016 года завяршыўся для маладзечанцаў паражэннем – 0:1 на карысць каманды “Нёман-Агра” са Стоўбцаў.

Каманда “Маладзечна-ДЮСШ-4” завяршыла гэты сезон на пятым месцы.

Ці будзе яна прэтэндаваць на ўдзел у першай лізе, цяпер залежыць ад Федэрацыі футбола і ад іх запрашэння. І, вядома, ад кіраўніцтва горада, ці захоча яно бачыць сваю каманду ў другім дывізіёне.

Але,  як ужо прывыклі маладзечанцы, больш за іншых да апошняга матча сезона былі гатовыя фанаты маладзечанскай каманды.

Яшчэ на апошняй дамашняй гульні фанаты каманды ўручылі свой асабісты кубак лепшаму гульцу сезона. Сёлета, па версіі фанатаў клуба, лепшым гульцом стаў Арцём Грыб.

А астатнія футбалісты падзякавалі сваім сапраўдным прыхільнікам за падтрымку наступным чынам – па дарозе дамоў, калі каманда вярталася са Стоў­бцаў, фанаты спынілі аўтобус са спартсменамі і футбалісты падарылі сваю форму, а дакладней, майкі ад формы, фанатам.

– У наступным сезоне будуць гуляць у новай форме, – пракаментаваў падарунак заўзятар каманды Дзмітры Рухлевіч.

Ён жа і падсумаваў вынікі сезона.

Ці трэба нам першая ліга? Так!

Упершыню за некаторы час Маладзечна на футбольных палях прадстаўляла ўсяго адна каманда. На чэмпіянат Мінскай вобласці каманда не выстаўлялася, а значыць, маладыя выхаванцы ДЮСШ-4 маглі паспрабаваць свае сілы ўжо на рэспубліканскім узроў­ні і навязаць канкурэнцыю сваім больш дасведчаным аднаклубнікам і прабіцца ў асноўны склад каманды.

Адмовіўшыся ад мінскіх легіянераў, каманда правяла цалкам роўны сезон, не зусім удала стартаваўшы. Мы неў­забаве нагналі упушчанае і занялі месца ў тройцы прызёраў. На жаль, месца,  якое не змаглі ўтрымаць у выніку дзвюх няўдалых вочных сустрэч у канцы сезона, і як вынік – пятае месца з 13 камандаў.

Ці можна меркаваць пра ўвесь сезон толькі па няўдалай яго канцоў­цы? Не.

За гэты год шмат гульцоў сталі гуляць больш упэўнена, а ўчарашнія выхаванцы ДЮСШ атрымалі гульнявы досвед, які ім бы не даў той жа чэмпіянат вобласці.

Што далей? Толькі далейшыя крокі ў плане развіцця нашай каманды, бо хоць мы і не патрапілі ў прызавую тройку, не заваявалі прамой пуцёўкі ў першую лігу, але верагоднасць запрашэння на павышэнне ёсць.

Нагадаю, што ФК “Ашмяны” ў мінулым годзе таксама заняў толькі пятае месца, а гэты сезон правёў рангам вышэй.

Ці трэба нам гэта? Так!  І для далейшага развіцця гульцоў, і для гісторыі маладзечанскага футбола і, вядома ж, неабходна заўзятарам нашай каманды. Менавіта яны больш за 10 гадоў чакаюць вяртання клуба на больш высокі ўзровень. Стотысячны горад годны большага, чым другая ліга. А ў тым, што нашы хлопцы змогуць годна паказаць горад і ў першай лізе, асабіста я не сумняваюся.