Кругласутачнае аддзяленне для старых і інвалідаў плануюць адкрыць у Маладзечанскім раёне 1 снежня.
Аддзяленне адкрыецца на месцы дзіцячага садка ў пасёлку Сасновы Бор. Яно разлічанае на 23 месцы.
Але ўжо сёння ахвотных каля 30 чалавек.
– Аддзяленне працуе па заяўніцкім прынцыпе, – расказаў “Рэгіянальнай газеце” дырэктар Маладзечанскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзмітры Ганчар. – Перавагу мы аддаём адзінокім людзям, якія жывуць у аддаленых населеных пунктах або ў горадзе ў кватэрах без выгодаў.
Як толькі аддзяленне адкрыецца, у яго заселяцца 12 жанчын і 5 мужчын.
Сёння рамонт у цэнтры завершаны, закупленае абсталяванне для кухні, для ванных пакояў. Аднак ложкаў у аддзяленні пакуль няма.
– Каб іх закупіць і канчаткова падрыхтаваць цэнтр да адкрыцця, неабходна каля 30000 рублёў (або 300 мільёнаў недэнамінаваных рублёў).
Каб сабраць неабходную суму, цэнтр адкрыў дабрачынны рахунак.
Дабрачынны рахунак: р/р 3135440930021 у РКЦ №32 у г. Маладзечна філіяла Мінскага абласнога ўпраўлення “Белаграпрамбанк”, код 942, УНП 690295922.
– У аддзяленні, – расказвае Дзмітры Ганчар, – абстаноўка будзе набліжаная да дамашняй.
Тут будуць працаваць гурткі, у агульным пакоі можна будзе паглядзець тэлевізар. Таксама за інвалідамі і пенсіянерамі круглыя суткі будуць даглядаць спецыялісты: медсястра і малодшыя медыцынскія супрацоўнікі.
У пакоях будуць жыць па шэсць чалавек.
– Магчыма, мы нешта памяняем, бо, як вы ведаеце, мужчын сталага ўзросту значна менш, чым жанчын, – дадае дырэктар цэнтра.
З тымі, хто будзе жыць у аддзяленні, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва заключае дагавор. Самы кароткі тэрмін дагавора – месяц, максімум – паўгода.
– Калі тэрмін дагавора закончыцца, яго можна будзе працягнуць або скасаваць.
Каштаваць пражыванне ў аддзяленні будзе 85% ад пенсіі альбо ад дапамогі па інваліднасці для адзінокіх людзей. Для тых пенсіянераў і інвалідаў, у якіх ёсць працаздольныя сваякі, 80% ад пенсіі і даплата ад сваякоў, каб канчатковая сума стала 450 рублёў.
З адкрыццём аддзялення ў Маладзечне з’явіцца 25 працоўных месцаў, або 13,5 стаўкі.
– Штат пакуль не набраны, – расказвае Дзмітры Ганчар. – Ёсць патрэба ў наступных вакансіях: загадчыца, санітаркі, медсястра, работнікі харчовага блока. Гурткі будуць весці валанцёры або нашы работнікі.
У Мінскай вобласці падобных аддзяленняў – шэсць. Яны ёсць у Любані, Барысаве, Мядзеле.
Загадчыца Мядзельскага аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян Бярнарда Макоска расказала, што іх аддзяленне працуе ад 2009 года.
– За гэты час праз нашы рукі прайшлі 110 чалавек. Хтосьці з’язджае, хтосьці, на жаль, памірае.
Аддзяленне ў Мядзеле разлічанае на 30 чалавек.
– Сёння ў нас жывуць 23 чалавекі. Мужчын і жанчын прыкладна пароўну.
У пакоях жывуць па чатыры чалавекі.
– Ёсць у нас і пакой павышанай камфортнасці. Гэта як асобная аднапакаёвая кватэра. Яна таксама карыстаецца папулярнасцю. Не так даўно яе займаў ветэран, у якога пенсія была 9,5 мільёна рублёў. Ён захацеў жыць асобна. У кошт знаходжання ўключанае і медыцынскае абслугоўванне, і чатырохразовае харчаванне.
Каб патрапіць у лік жыхароў аддзялення, неабходна запоўніць заяву, прынесці медыцынскую карту, даведку аб складзе сям’і і месцы жыхарства, пашпарт.
– Толькі жыхары Мядзельскага раёна могуць быць нашымі пастаяльцамі, – падсумавала Бярнарда Макоска.
Калі ў вас узніклі пытанні наконт аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Маладзечне, вы можаце іх задаць па тэлефоне: 8-0176- 77-17-62.