5 лістапада на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра адбылася прэм’ера спектакля “Дыягназ – каханне”. 

Спектакль прымушае задумацца пра многае: ці можна дараваць здраду, ці можа выратаваць дзіця сям’ю, жанчына, якая даруе ўсё, – святая або проста дурніца?

Адказы на гэтыя пытанні мы шукалі разам з выканаўцай галоўнай ролі актрысай Людмілай Рошчынай.

Мінскі абласны драматычны тэатр ударыўся ў каханне. Вясной маладзечанскі глядач убачыў гісторыю пра каханне “Плачу наперад!” Восенню – новая гісторыя.

– П’есу Андрэя Максімава прапанавала я, – расказвае Людміла Рошчына. – Я даўно цікаўлюся псіхалогіяй, тым больш цяпер, калі майму сыну споўнілася 19 гадоў. І вось прачытала гэту п’есу, якая, дарэчы, была напісаная каля 25 год таму. Але я палічыла, што яна сучасная, што праблемы, якія ў ёй уздымаюцца, могуць закрануць кожнага.

У цэнтры гісторыі класічны любоўны трохкутнік. Праз 10 год, па версіі мужа – 9,  сямейнага жыцця муж заво­дзіць сабе маладую палюбоўніцу.

Але не хавае гэтага ад жонкі, а наадварот, расказвае ёй ва ўсіх падрабязнасцях і пра палюбоўніцу, і пра тое, што жыве яна з братамі і бацькам. Скардзіцца на тое, што ім няма дзе сустракацца.

Калі ў чарговы раз муж са спаткання прыйшоў прастуджаны, жонка яго лечыць. Калі ён вяртаецца п’яным – кладзе яго спаць, здымае з ног туфлі.

І вось яна рашаецца запрасіць яго з палюбоўніцай на каву. А потым увогуле пакідае іх жыць у сваёй кватэры.

Маладая палюбоўніца не ўмее гатаваць, не ўмее прасаваць адзенне. І ўсе абавязкі па доме моўчкі выконвае гераіня Людмілы Рошчынай.

Шчыра кажучы, так хацелася, каб у канцы спектакля гэта жанчына ўзбрыкнула, паказала тое, што яна таксама жывы чалавек і мае права на шчасце, каб кінула і мужа-нягодніка разам з яго новым каханнем, каб ён зразумеў, што страціў, і каб было позна.

Але Людміла Рошчына мае парывы перарывае фразай:

– Гэты спектакль, на маю думку, пра ўсёдараванне. Пра ўменне дараваць здраду, не крыўдзіцца на блізкага чалавека. Пра ўменне слухаць і гаварыць адно з адным.

Гераіню сваю Людміла Рошчына апраўдвае:

– Ведаеце, мне 50 гадоў, і я ўсё больш схіляюся да таго, што трэба дараваць. У наступным годзе мы з мужам бу­дзем адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця.  Канешне, здаралася і такое, што хацелася развесціся, больш не бачыць адно аднаго. Але потым разумела, што невыпадкова нас звёў лёс, невыпадкова бог з гэтым чалавек нам падарыў дзяцей.

Калі Людміла Рошчына знайшла п’есу, то вельмі хацелася, каб яе паставіла даўняя сяброўка, актрыса Мінскага абласнога драмтэатра Алена Рахмангулава.

– Алена – дзівосны чалавек! Я бачыла яе работы ў гімназіі-каледжы, дзе яна выкладае, і ўгаворвала яе ўзяцца за гэту п’есу. Я ведала, што дзякуючы Алене спектакль атрымаецца пластычным, сучасным, зразумелым моладзі, у яго будзе свой “почырк”.

Партнёрам і сцэнічным мужам Людмілы Рошчынай у спектаклі стаў Дзяніс Фешчанка.

– Я вельмі ўдзячная майму партнёру за працу ў гэтым спектаклі. Фактура Дзяніса сыграла толькі ў плюс. І сам ён для спектакля – поў­ны папандос. Як гераіня называе яго прыгажуном? А які ён пластычны, лёгкі! У Дзяніса самога трое дзяцей, таму ён ведае цану сям’і. Можа, таму яго маналог у канцы спектакля атрымаўся такім кранальным.

Зноў не пага­джаюся з Людмілай Рошчынай. Герой Дзяніса Фешчанкі падаўся мне рэдкім мярзотнікам.

– Не скажыце, – парыруе Людміла. – Але ж гэты мярзотнік зразумеў, што не грудзі і не доўгія ногі галоўныя, ён адчуў, што яго жонка – самы родны чалавек. І што іх адносіны яшчэ можна выратаваць.

Акрамя таго, што Дзяніс Фешчанка сыграў галоўную ролю, ён займаўся музычным афармленнем спектакля.

– Песня, якая гучыць у канцы, ляжала на паліцы ў Дзяніса, як ён сам казаў, сем ці восем гадоў.

А прыйшоў час, і яна стала цудоўным упрыгожваннем спектакля, мелодыя песні – яго лейтматывам.

Людміла Рошчына адкрыла сакрэт, што ў поўнай версіі п’есы, у другім яе акце, доктар, які ставіць гераіні дыягназ – каханне, сам у яе закахаўся. Але яна не паддалася на яго заляцанні.

Пасля прэм’еры, прызнаецца актрыса, ёй тэлефанавалі сваякі і знаёмыя, тыя, хто прысутнічаў на прэм’еры, дзяліліся ўражаннямі.

– Нехта шкадуе маю гераіню, хтосьці апраўдвае, некаму яна не спадабалася. Гэта нармальна. А мой пляменнік, якому 33 гады, у якога ёсць ужо дзеці, пасля спектакля прызнаўся: “Я сядзеў і думаў пра тое, што ў мяне ёсць сям’я. І як цудоўна, што ў нас у сям’і ўсё добра”.

Аб гэтым, напэўна, і спектакль.