“РГ” сумесна з фітнес-клубам “Тытан” запусціла праект “Зорка з трэнажоркі”. Цягам трох месяцаў у газеце трэнер дае парады, як пахудзець, а я, слухаючыся яго ва ўсім, праверу парады на сабе.
За месяц у трэнажорнай зале я, можна сказаць, асвоілася.
Цяпер прыходжу не толькі пазаймацца, хаця гэта асноўнае.
Вось выпадак у панядзелак. Актыўна пазаймалася цэлую гадзіну, да бегавой дарожкі ледзьве дапаўзла, але з сабой жа плэер з любімай музыкай, бягу, напяваю сабе пад нос.
І тут раптам з-за спіны нечакана ўзнік трэнер Руслан Дунец:
– Ага, спяваем. Значыць, нагрузка была недастатковая. Трэба вас у наступны раз як след “качнуць”.
Больш спяваць на бегавой дарожцы не буду.
Акрамя ўдарных трэніровак, паступова знаёмлюся з іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі “Тытана”.
Я нават не ведаю, як наведнікі залы з іх выбіраюць асабістага трэнера, бо, шчыра кажучы, займацца хочацца з кожным.
Адна з “малодшых навуковых супрацоўніц”, так назваў Руслан Дунец трэнера Караліну Лобач, расказала, што, каб быць у форме і прытрымлівацца правільнага харчавання, зусім неабавязкова трымацца на адной грэчцы.
– Ой, каб трымаць сябе ў форме і есці смачна – тут варыянтаў маса. Я і шарлотку пяку, і бісквіты, і кексы, і блінцы. Галоўнае, замяняць некаторыя шкодныя інгрэдыенты. Так, напрыклад, замест пшанічнай мукі я выкарыстоўваю аўсяную, рысавую, ільняную, кукурузную, яшчэ пратэін выдатна падыходзіць. А замест цукру – бескаларыйныя аналагі, напрыклад, стэвію ці ваніль.
Рэцэпт карыснай піцы ад Караліны Лобач
Аматарам піцы і прыхільнікам здаровага харчавання гэты рэцэпт прыйдзецца даспадобы.
Замяняем звычайную пшанічную муку на муку з цэльнага збожжа, шкодны і каларыйны кетчуп мяняем на перацёртыя памідоры з базілікам, сыр выкарыстоўваем не больш за 20% тлустасці, курыную грудку дадаём замест вяндліны.
– 175 г мукі з цэльнага збожжа
– 125 мл вады
– 1 ч.л. сухіх хуткадзейных дражджэй
– 1 ст. л. аліўкавага алею
– соль
Падрыхтоўка: замешваем усе інгрэдыенты ў цеста. Абмазваем зверху цеста кропляй аліўкавага алею, ставім яго ў цёплае месца на 30 хвілін, каб даць крыху падняцца. Пасля гэтага яшчэ раз добра вымешваем і раскочваем у тонкі ліст, далей кладзём на бляху, папярэдне пасыпаўшы яе мукой.
Зверху па цесце выкладваем памідоры і дадаём любую начынку. Як варыянт: курыная грудка, памідоры, сыр 20%, перац, базілік.
Выпякаем у духоўцы пры 180-200 градусах прыблізна 20 хвілін.