Здымкі зробленыя 15 лістапада каля вёскі Рабцы на Вілейшчыне, піша “Наша ніва“.
Калі грузавік адвозіў сабраную кукурузу, уборачныя камбайны не чакалі яго, а працягвалі працаваць. Зерне ссыпалі проста на зямлю і ўкатвалі яго коламі. Такая доля напаткала не менш чым траціну ўраджаю.
Ці гэтая ўборка рабілася на хуткасць, ці палеткі зачышчаліся, каб добра глядзеліся з верталёту, – загадка.
Калі адзін з уборачных комплексаў заграз, цягнулі яго двума трактарамі. Салярку ніхто не шкадаваў.
Так спяшаліся прыбраць, што не сталі чакаць, пакуль поле схопіцца марозам і можна будзе скасіць кукурузу на пракорм скаціне ці прыгнаць кароў з фермы, што побач. Наўрад ці добры гаспадар стане так раскідвацца ўраджаем поля каля дзесяці гектараў.
В.а. дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства “Стайкі” папрасіла карэспандэнта “Нашай Нівы” перазваніць пазней, яна была не ў курсе сітуацыі.
Фота nn.by.
Абурэнне такім зборам ураджаю, дарэчы, па тэлефоне выказала і мясцовая жыхарка сталага веку [а ў Рабцах засталося ўсяго чатыры жылыя хаты, дзе ёсць тэлефон – Рэд.]
“Бог ведае што робіцца. Зямля цяпер мяккая, яны [машыны і камбайны] там гразнуць… Ды такі ўраджай, такі ўраджай, ды такая кукуруза харошая… Там шышкі былі, такія шышкі. Там, ведаеце што, многа палёў непрыбранай кукурузы”, – сказала бабуля эмацыйна.
Фота nn.by.