Нацыянальная прэм’ера ў Польшчы павінна адбыцца толькі 13 студзеня, а сусветная ўжо адбылася два месяцы таму на Міжнародным кінафестывалі ў канадскім Таронта ў секцыі “Майстры”. Да Мінску фільм быў паказаны яшчэ на фестывалях у Чыкага (ЗША), Рыа-дэ-Жанэйра (Бразілія), Рыме (Італія). І вось – Мінск.

Тут стужка стала фільмам закрыцця кінафестывалю “Лістапад”. Такога гонару быць сярод першых гледачоў у свеце мы заслужылі тым, што цэнтральным героем фільма стаў выбітны беларускі і польскі мастак і тэарэтык мастацтва Уладзіслаў Страмінскі, які нарадзіўся ў Мінску, быў паплечнікам Казіміра Малевіча, працаваў у Мінску, Смаленску, Вільні, Вілейцы. Пазней, баючыся пераследу камуністаў у СССР, ён пераехаў у Польшчу, дзе камунізм яго здагнаў і знішчыў.

Страмінскі – адзін з немалога шэрагу творцаў, якія належаць дзвюм культурам, гісторыі двух народаў – беларусаў і палякаў. Гэта фільм пра творцу, які праславіў польскае мастацтва ў Еўропе ў міжваенны час і які быў з гісторыі выкраслены камуністычнай уладай Польшчы ў часе пасляваенным, даведзены да галечы за непрыняцце метаду сацыялістычнага рэалізму. Дададзім, што натуральным чынам, і ўжо характэрным для камуністычнай Беларусі, канструктывіст, аўтар тэорыі “ўнізму”, Страмінскі быў пазбаўлены свайго месца і ў гісторыі беларускага мастацтва. І мы пайшлі ў кіно, каб адкрыць ці вярнуць гэтае імя…

Уладзіслаў Страмінскі. З цыкла Powidoki. Фота nn.by

Уладзіслаў Страмінскі. З цыкла Powidoki. Фота nn.by

Назва фільма дублюе назву створанай Страмінскім у 1948–1949 гадах серыі гэтак званых салярыстычных карцін. На іх мастак схапіў “сляды выяваў”, “паслявобразы”, па-польску “powidoki”, якія ўзнікаюць у выніку позірка на сонца.

Менавіта ў гэты час, знаходзячыся пад лютым ціскам камуністычных ідэолагаў і спецслужбаў, Страмінскі спрабуе прымірыць авангард, у які ён паверыў з пачаткам бальшавіцкай рэвалюцыі і які ён развіваў, з дактрынай сацрэалізму шляхам стварэння новых прынцыпаў дзеля рэалістычнага адлюстравання жыцця. Малюнкі і карціны, якія з’яўляюцца ў выніку гэтых пошукаў, ствараюць сваю форму для гэтых слядоў светлавых выяваў.

Аднак, ніякія новыя формы, ніякія “паслявобразы” не былі патрэбнымі Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Яна катэгарычна патрабавала ад мастакоў ствараць прапагандысцкія творы, бясконца маляваць Леніна і Сталіна. Страмінскі ж, які быў перакананы, што адзіная значнасць карціны – яна сама, становіцца ў апазіцыю сацрэалізму. У адказ улада помсціць яму, наносячы ўдар за ўдарам, адлучаючы яго ад творчасці, пазбаўляючы нават таго, без чаго чалавек і на ўзроўні біялягічным не можа выжыць.

Мастак і ўлада – канфлікт фільма Анджэя Вайды. Ён развіваецца, абвастраецца, развязваецца ў прасторы гісторыі жыцця і творчасці аднаго чалавека, расказанай у фільме. І, з гледзішча кінамовы, якой гэтая гісторыя даносіцца да гледача, асабіста для мяне, чалавека, які бачыў усе значныя працы Анджэя Вайды, фільм стаўся чаканы, прадказальны. Ад стужкі я зусім не чакаў мастацкіх сюрпрызаў, па якія мы так часта сёння ходзім у кіно. І, дзякуй Майстру, я і ня ўбачыў іх.

Я чакаў фільма грунтоўнага, псіхалагічна глыбокага, гісторыю асобы ў палітычна і сацыяльна матываваных абставінах. Натуральна, я чакаў кіно, дасканалага паводле формы. Фільм Майстра. Мае чаканні цалкам апраўдаліся.

Як і ў іншых фільмах Анджэя Вайды, у “Паслявобразах” сюжэтным цэнтрам ёсць чалавек. Уся ўвага сканцэнтраваная толькі на ім, на, здавалася б, ягонай прыватнай гісторыі. Гэтая гісторыя тут дакладна распавядаецца ў мастацкіх каардынатах жанру фільма-біяграфіі. І, як і ў іншых фільмах Майстра, жыццяпіс ажыццяўляецца ў штогадзінных, штохвілінных судачыненнях чалавека з дзяржавай, соцыумам, незалежна ад таго, якое месца ён займае ў грамадстве.

Кадр з фільма. Фота Akson Studio.

Кадр з фільма. Фота Akson Studio.

У дадзеным выпадку – герой з’яўляецца мастаком. Але Вайда не быў бы выбітным Майстрам, калі б ягоны герой не станавіўся героем універсальным, у чыім лёсе не адлюстраваўся б канфліктны свет, цэлая эпоха. З такой задачы натуральным чынам паўстае і форма фільма, яго вобразнасць.

У фільме “Паслявобразы” падзеі развіваюцца ў пейзажах пасляваеннай Лодзі.

Абадраныя, брудныя фасады дамоў, разбітыя брукаванкі, прасторныя, але зноў жа абшарпаныя кватэры і канторы, нагадваюць пра былы лоск гэтага горада, колішняга цэнтра мастацтваў, горада творцаў. Гэты амаль што мёртвы горад рэжысёр насяляе маўклівымі, з мёртвымі тварамі, аднолькава шэра апранутымі людзьмі-манекенамі, якія мэханічна перасоўваюцца па яго вуліцах. Людзі-манекены, падпарадкаваныя новым парадкам, знаходзяцца ў маўклівай залежнасці ад ўлады.

Заселены манекенамі горад – дакладны, ёмісты вобраз сталінскай Польшчы.

Людзі-манекены маўкліва, амаль шэрагамі, перамяшчаюцца па шэрым горадзе, людзі-манекены моўчкі выстойваюць даўжэзныя чэргі ў краму па свіныя ногі. Яны ж штучна ажываюць на дэманстрацыях пад чырвонымі сцягамі і партрэтамі не іхніх, але навязаных ім правадыроў. Тут і бачанне камунізму Вайдам, і ягоны мастацкі стыль!

Людзі-манекены без абмеркаванняў і эмоцыяў выконваюць загады сваіх начальнікаў, удзельнічаюць у працэсе маральнага гвалту дзяржавы над асобай. З застыглымі, аднолькавымі напаўмёртвымі тварамі кадравічкі і сакратаркі будуць забіраць у героя пасведчаньні, выдаваць яму канверты з загадамі аб звальненні, якія ж аўтаматычна адбяруць у яго прадуктовыя карткі і нават права набываць фарбы для працы.

І толькі адна з гэтых мёртватваравых кадравічак запытаецца, ці насамрэч Страмінскі бачыў Шагала?.. Але адказу яна і не чакае, усё ёй на палітінфармацыях даўно растлумачана. І ўжо сярод сапраўдных манекенаў, якіх герой за кавалак хлеба расстаўляе ў вітрыне, мы і ўбачым апошні раз жывога героя.

Мэтафарычная сцэна – смерць сярод манекенаў. Гэта – Вайда!

А яшчэ будуць эмацыйныя сцэны-усплёскі, калі надзеленае правамі быдла будзе граміць выставы Майстра. І тонкія, да найглыбейшых псіхалагічных нюансаў, сцэны асэнсавання і перажывання гвалту і ягонага асабістага жыцця, залежнага ад гвалту, героем.

Кадр з фільма. Akson Studio.

Кадр з фільма. Akson Studio.

Такое змрочнае бачанне рэжысёрам лёсу мастака, які кідае выклік таталітарнай дзяржаве. Бачанне, адпакутаванае аўтарам фільмаў “Чалавек з жалеза”, “Чалавека з мармуру”, “Катыні”.

Такое кіно, такая рэжысура заўсёды патрабавала ад Вайды выбару на ролі адпаведных, выбітных акцёраў. Такім акцёрам у дадзеным выпадку стаў Багуслаў Лінда ў ролі Страмінскага. Ён глыбока, трагічна раскрыў лёс чалавека, залежнага ад брутальнага асяродздзя, у якім наканавана было жыць. Трагічнасць перададзеная на найвышэйшым узроўні. Брава!!!

Але нас, беларусаў, цікавіць яшчэ, якім быў Уладзіслаў Страмінскі? Якім паказаў яго Багуслаў Лінда? У гэтым фільме і ў гэтым выкананні мы ўбачылі свайго выбітнага земляка як асобу надзвычай таленавітую, харызматычную, інтэлектуальную, нязломную, цэласную. І – жывога чалавека ва ўсіх праявах ягоных прыватных, інтымных перажыванняў. Найвыдатнейшая акцёрская праца Багуслава Лінды! Такога героя, такой асобы бракуе нам, беларусам. Мы ўбачылі яе прыклад і ўдзячныя рэжысёру і акцёру.

Кадр з фільма. Akson Studio.

Кадр з фільма. Akson Studio.

Фільм Вайды – шматпланавы. “Паслявобразы” – і пра свабоду творчасьці, і пра спрадвечны канфлікт мастака і ўлады, і пра ўвогуле свабоду чалавека, пра ягоны выбар – быць свабодным ці быць манекенам. Мо апошняе і ёсць найважнейшай праблемай, якая цікавіла Анджэя Вайду. Гэтую праблему ён, якую ў розных фільмах і па-рознаму аналізаваў, у фільме “Паслявобразы” звужае да пытання:

ці можа выстаяць адзінка ў супрацьстаянні з таталітарнай сістэмай? І адказвае, прынамсі я такі адказ прачытаў у аналізаваным фільме, – не.

Машына гвалту, яе адладжаныя механізмы, не даюць шанцаў на выжыванне чалавеку, які хоча быць свабодным. Таталітарны рэжым заб’е лёгка любога чалавека, які захоча быць свабодным. Механізмы забойства таталітарныя сістэмы давялі да дасканаласці. Думаю, што менавіта гэта і хацеў сказаць сваім апошнім фільмам вялікі Майстра. І я разумею гэты фільм як ягоны тэстамент, перадусім маладзейшым пакаленням.

Калі пагас экран, я заплюшчыў вочы, і ў цемры ўзьніклі мае павідокі – мае паслявобразы маіх пакутаў, звязаных з маімі ўласнымі дачыненьямі з сацрэалізмам, у які я не верыў і які адпомсціў мне за гэтую няверу. На шчасце, не так брутальна, як Страмінскаму. Але боль застаецца, як і ў кожнага, хто хоць крыху з тым сацрэалізмам сутыкнуўся.

Я рады, што паглядзеў гэты фільм у кінатэатры сярод людзей, якія разумелі, на які фільм яны прыйшлі. А мо і таму, што ўвогуле яго паглядзеў.

Фільм “Powidoki” ўступіў у барацьбу за “Оскара” ў катэгорыі “найлепшы неангламоўны фільм”. Мы, беларусы, будзем трымаць свае кулачкі за яго, бо свайго нацыянальнага, вартага міжнароднай увагі, кіно ў нас даўно няма доўга яшчэ не будзе. А праз фільм “Powidoki”, нават калі ён таго “Оскара” і не атрымае, усё ж прагучыць Беларусь як краіна, якая нараджае геніяў. У фільме існуе шырокі беларускі мастацкі кантэкст. Акрамя Страмінскага, у ім узгадваюцца Марк Шагал, Казімір Малевіч, Чэслаў Мілаш.