Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) публічна запатрабаваў ад міністра адукацыі спыніць заганную практыку выкарыстання прымусовай працы школьнікаў на сельгасработах і паведаміць аб службовых асобах ведамства, якія маюць дачыненне да маладзечанскай трагедыі, дзе ў полі пад коламі грузавіка загінула 13-гадовая школьніца.

Ініцыятыву прафсаюза падтрымала каля 600 неабыякавых да выкарыстання прымусовай дзіцячай працы чалавек, якія падпісаліся пад зваротам прафсаюза ў інтэрнэце на сайце zvarot.by.

Адказ Міністэрства адукацыі каментуе прававы інспектар прафсаюза РЭП Леанід Судаленка, які аказвае юрыдычную дапамогу бацькам загінулай дзяўчынкі.

“У Мінадукацыі ёсць вялікі козыр – яшчэ ў красавіку яны накіравалі ліст па ўсіх аблвыканкамах (11 красавіка 2016 года №І-05-17/128) аб няўхільным выкананні артыкула 89 Кодэкса аб адукацыі, які, як вядома, прама забараняе прыцягваць вучняў школ да сельгасработ. Пра гэта міністэрства праінфармавала наш прафсаюз, дадаткова паказаўшы, што сельгасработы забаронена прыраўноўваць і да так званай “грамадска карыснай працы”, пад прыкрыццём якой настаўнікі “возяць дзяцей на бульбу”.

Як бачым, у Мінадукацыі яшчэ задоўга да гібелі дзіцяці ў полі была дакладная пазіцыя, якая выключае прыцягненне вучняў школ да работ у полі”, – адзначыў прафсаюзны юрыст.

Леанід Судаленка адзначае, што па другім пытанні звароту Мінадукацыі “схавалася” за Закон “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”, якім дапускаюцца выпадкі адмовы ў даванні інфармацыі. “Іншымі словамі, нам як бы намякнулі на крымінальную справу, маўляў, асудзяць настаўніцу, якая была з вучнямі ў полі, значыць, яна і вінаватая”, – расцаніў ён адпіску чыноўнікаў.

Фота Ufa1.ru.

Фота Ufa1.ru.

Прафсаюзны інспектар падзяліўся наяўнай у прафсаюза храналогіяй падзей, якія папярэднічалі трагедыі пад Маладзечнам.

26 верасня кіраўнік ААТ “Усход-агра” накіроўвае на адрас аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама ліст №12, у якім просіць аказаць дапамогу ва ўборцы бульбы 28 і 29 верасня. 28 верасня начальнік аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама лістом №1-3/408 у адрас кіраўнікоў устаноў адукацыі раёна просіць накіраваць у ААТ “Усход-агра” працаўнікоў і вучняў (толькі 10 клас) для ўборкі бульбы.

У прыватнасці, ад СШ №11 Маладзечна, дзе вучылася загінулая дзяўчынка, патрабавалася накіраваць 20 чалавек. У гэты ж дзень, 28 верасня, кіраўніцтва СШ №11 Маладзечна выдала загад №268, згодна з якім на сельгасработы накіроўваюцца: 11 клас – 4 чал.; 10 клас – 5 чал. і 8 клас (уключаючы загінулую дзяўчынку) – 11 чалавек. Пры гэтым, як вынікае з іх пісьмовых тлумачэнняў кіраўнікоў раённай адукацыі, ААТ “Усход-агра” і СШ №11, дамовы на выкананне работ або працоўныя дамовы не заключаліся i намеру іх заключыць не было. Выплата заработнай платы таксама не прадугледжвалася.

“У нас ёсць інфармацыя, што аплата працы дзяцей адбывалася “натурай”, дзеці прывозілі з поля дадому бульбу”, – дадаў прававы інспектар.

Хто ў трагедыі, якая здарылася, абышоў закон, на гэтае пытанне павінна даць адказ следства. Незалежны прафсаюз РЭП будзе кантраляваць крымінальную справу, па якой вінаватых могуць назваць ужо 29 лістапада (два месяцы папярэдняга расследавання).

Нагадаем, прафсаюз РЭП дапамог бацькам загінулай дзяўчынкі запатрабаваць ад раённага дэпартамента па ахове працы правядзенне спецыяльнага расследавання ў сувязі з няшчасным выпадкам са смяротным зыходам. Чыноўнікі Мінпрацы палічылі, раз працоўныя дамовы дазволена заключаць з 14 гадоў, такім чынам, з загінулай 13-гадовай школьніцай не магло быць працоўных адносін, а значыць, і расследаваць няма чаго. Прафсаюз дапамог бацьку звярнуцца ў суд, дзе ў цяперашні час вырашаецца пытанне аб узбуджэнні справы.