Ужо 25 год выкладчыкі Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа маюць магчымасць назіраць за працай нямецкіх калег. А лепшыя навучэнцы – сябраваць з аднагодкамі з Германіі.

Ад 1991 года тады яшчэ педагогі ПТВ-135 пачалі супрацоўнічаць з прафесійнай школай імя Кэтэ Кольвіц з Эслінгена. Партнёрскія сувязі з маладзечанцамі наладзілі дырэктары нямецкай прафесійнай школы Зігрыд Фрыцман, Берндт Шэперман, Томас Фішле.  Нязменнымі каардынатарамі сумесных праектаў сёння з’яўляюцца Хельга Краўтэр і Эрнст Бёле.

З беларускага боку ідэю сяброўства падтрымалі тагачасны дырэктар Валеры Кузняцоў, яго намеснік Генрых Богдан і выкладчык нямецкай мовы Анатоль Войніч. Сёння іх справу працягваюць Дзмітры Богдан, Валянціна Гардзей, Алена Гіпаць.

Кніга казак для дзяцей Маладзечна і Эслінгена. Фота molgc.by.

Кніга казак для дзяцей Маладзечна і Эслінгена. Фота molgc.by.

Па словах намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Алены Гіпаць, кожны год навучэнцы каледжа сустракаюцца са сваімі аднагодкамі з Германіі, якія вучацца ў прафесійнай школе Эслінгена.

У мінулым годзе беларускія навучэнцы ездзілі ў госці ў Германію. А сёлета сем маладых людзей з Эслінгена прыязджалі ў Маладзечна. За ўвесь час супрацоўніцтва больш за 900 навучэнцаў і настаўнікаў каледжа пабывалі ў Германіі.

Калі ў Маладзечна прыязджалі нямецкія сябры, ім зладзілі экскурсіі. Маладыя людзі наведалі маладзечанскі хлебазавод, былі ў Мінску, пабачылі сядзібу Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі.

Яшчэ хлопцы і дзяўчаты з Германіі прысутнічалі на тэарэтычных і практычных занятках у каледжы і нават спрабавалі адказваць на пытанні выкладчыкаў. Тым больш, што ў сваёй прафесійнай школе маладыя людзі набываюць падобныя спецыяльнасці.

Сёння прафесійную школу імя Кэтэ Кольвіц узначальвае Томас Фішле. Фота molgc.by.

Сёння прафесійную школу імя Кэтэ Кольвіц узначальвае Томас Фішле. Фота molgc.by.

Моўны бар’ер, безумоўна, заўважны, лічыць Алена Гіпаць. Таму калі збіраюць беларускую дэлегацыю навучэнцаў для паездкі ў Германію, звяртаюць увагу на тое, каб яны добра вучыліся і больш-менш ведалі англійскую або нямецкую мову.

За час супрацоўніцтва нямецкія і беларускія выкладчыкі зладзілі шмат сумесных праектаў. Яны былі прысвечаныя нацыянальным стравам і напоям Беларусі і Германіі, стварэнню дапаможнікаў па вывучэнні нямецкай мовы.

Школа імя Кэтэ Кольвіц у Эслінгіне. Фота molgc.by.

Школа імя Кэтэ Кольвіц у Эслінгіне. Фота molgc.by.

У бліжэйшых планах – праекты, прысвечаныя музыцы, падарожжам, моладзі.

 Даведка “РГ”

Кэтэ Кольвіц – нямецкая мастачка, графік і скульптар. Нарадзілася ў 1867 годзе ў Кёнігсбергу. Вучылася ў Берліне і Мюнхене. У 1890 стварыла першыя афорты – металічныя гравюры, на якіх малюнак рабіўся з дапамогай кіслаты. Выкладала ў жаночым мастацкім вучылішчы ў Берліне. Ад 1910 года займалася скульптурай. У 1918 атрымала званне прафесара. Аўтарка  шэрагу карцін, гравюр. Памерла ў 1945 годзе.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 10116685.