– Нам так прыемна, што і да нас нарэшце чарга дайшла, што і намі журналісты зацікавіліся. А то пра рэаніматолагаў ды хірургаў газеты пішуць. А пра нас яшчэ ні разу не пісалі, – сустрэлі мяне старэйшая медсястра педыятрычнага аддзялення №4 дзіцячай паліклінікі Святлана Драздова і медсястра па абслугоўванні дзяцей садка №2 Зоя Цюрына.

Святлана Драздова курыруе працу медсясцёр у дзіцячых садках Маладзечна. Па яе словах, у горадзе ў садках працуе 31 медсястра.

Працуюць у асноўным жанчыны сярэдніх лет і пенсіянеры. Моладзь асабліва ісці не хоча. Чаму?

На думку Святланы Драздовай, каб ісці працаваць у садок, маладой медсястры трэба набыць пэўны досвед. Зрабіць гэта можна, напрыклад, працуючы ў стацыянары.

 У дзіцячым садку медсястра працуе практычна самастойна. Далёка не ўсюды разам з ёй доктар-педыятар ёсць з раніцы да вечара. Звычайна ён прыходзіць толькі ў пэўныя дні. Без досведу працаваць у такіх умовах нялёгка.

Паступова ў медыцынскіх кабінетах у садках пачынаюць устанаўліваць камп’ютары. Яны патрэбны, перш за ўсё, для таго, каб складаць меню для дзяцей у электронным выглядзе.

–  Гэта вельмі зручна, –  далучаецца да размовы медсястра Зоя Цюрына. – Праўда, трэба ўдасканальваць сябе, вучыцца камп’ютарнай грамаце. Але без гэтага цяпер ніяк, упэўненая медсястра садка №2. Усе бацькі, па яе словах, сябруюць з інтэрнэтам. Часта не медыку пытанне задаюць, а ў інтэрнэце адказы шукаюць. А пасля прымаюць самастойныя рашэнні.

Першая медыцынская дапамога – далёка не першая ў працы медсястры

Што робіць медсястра ў садку, акрамя аказання першай медыцынскай дапамогі, калі дзіця разаб’е нос або калена? Аказваецца, такой дапамогі ў садку павінна быць як мага менш. Медработнік працуе на тое, каб першая дапамога дзецям увогуле не спатрэбілася.

Яшчэ медсястра сочыць за тым, каб выхаванцы не былі перагружаныя на фізкультурных занятках, распрацоўвае меню. Шмат працуе з выхавацелямі і з бацькамі.

Педагогам трэба дапамагчы ў шматлікіх пытаннях. Напрыклад, падказаць, каб дзіця, якое часта хварэе, клалі спаць далей ад акна. Каб звярнулі ўвагу на ўзровень захворванняў у групах.

Працуючы шмат год у адным калектыве, медсястра адчувае сябе адзіным цэлым з педагогамі. Калі выхавацелі плануюць дзень здароўя, у меню заўсёды з’яўляюцца вітаміны: ківі, апельсіны.

Старшая медсястра педыятрычнага аддзялення №4 Святлана Драздова і медсястра дзіцячага садка №2 Зоя Цюрына складаюць справаздачу. Фота Аксаны Ярашонак.

Старшая медсястра педыятрычнага аддзялення №4 Святлана Драздова і медсястра дзіцячага садка №2 Зоя Цюрына складаюць справаздачу. Фота Аксаны Ярашонак.

А часам і ў тэатральных пастаноўках, ранішніках прапануюць паўдзельнічаць. Медсястра заўсёды пагаджаецца.

– Асаблівых артыстычных дадзеных у мяне няма, але раз трэба, значыць трэба, ­ – зазначае жанчына.

Яшчэ медсястра арганізуе медагляд. Калі раней дактары-спецыялісты прыязджалі ў дзіцячы сад, то цяпер медагляд дзеці праходзяць з бацькамі у паліклініцы. Гэта больш зручна, упэўненая медсястра. Бацькі адразу ж могуць задаць пытанні спецыялісту.

Калі выхаванец раптам захварэе ў садку, яго трэба хутчэй ізаляваць ад астатніх дзяцей. У медыцынскім кабінеце ёсць спецыяльны пакой. Называецца ён ізалятар.

– Назва страшнаватая, – кажа Зоя Цюрына. –  Але там зусім нястрашна, нават прыгожа. Ёсць дзіцячы ложак і столік для гульняў.

Зрабіць прышчэпку дапамогуць цукеркі

У садку медсястра, атрымаўшы пісьмовую згоду бацькоў, робіць прышчэпкі ад грыпу пад назіраннем доктара-педыятара. Працэдуру гэтую прыемнай не назавеш. І на маё пытанне, як пазбегнуць дзіцячых істэрык, у медсястры ёсць адказ.

Па яе словах, тут ніяк не абысціся без асаблівага падыходу, псіхалагічных здольнасцей, педагагічных уменняў і… цукерак або вітамінак. Яны заўсёды ёсць у кабінеце.

Медсястра расказала, што за шматгадовую працу навучылася рабіць прышчэпкі амаль без дзіцячых слёз. Але, прызнаецца яна, ёсць такія выпадкі, дзе на прышчэпку без істэрыкі разлічваць не прыходзіцца. І тады, па словах жанчыны, трэба са слязьмі, але хуценька. Больш смелыя потым самі зазіраюць у медыцынскі кабінет за вітамінкамі.

Здараецца, што дзеці цяжка прывыкаюць да дзіцячага садка. З раніцы ў некаторых групах чуецца плач. Тады выхавацелі вядуць дзяцей у медыцынскі кабінет. Не, не палохаць. Просяць медсястру, каб як-небудзь супакоіла. Часам прыходзіцца чуць “можа дайце яму валяр’яначкі”. Але шматгадовы досвед і асаблівы падыход дапамагаюць супакоіць і без “валяр’яначкі”.

Пытаюся ў Зоі Іванаўны, ці ўцякаюць ад яе дзеці, калі медсястра ў белым халаце зазірае ў кабінет. Аказалася – не. Наадварот. Дзеці бягуць да медсястры, разказваюць пра тое, каму купілі новыя боцікі, у каго новае паліто, паказваюць цацкі.

А яшчэ калі Зоя Іванаўна заходзіць у групу, дзеці самі строяцца ў чаргу, падымаюць вопратку і паказваюць жывоцікі. Бо прывыклі, што медсястра часта заходзіць правяраць у іх скуру. Самае смешнае, што жанчыну сустракаюць так нават тады, калі яна заходзіць да малечы зусім па іншай патрэбе.

Праца з дзецьмі натхняе і ўзбадзёрвае, лічыць Зоя Іванаўна. І на такой натхняючай працы яна ўжо 20 год.