Першы крок – перастаць піць.

– Мужчынскае здароўе – гэта адначасова стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту. Дактары адказныя толькі за адну з гэтых складнікаў, – кажа галоўны пазаштатны уролаг Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Строцкі.

Вялікую ісціну пра тое, што здароўе напрамую залежыць ад узроўню жыцця, пацвярджае і статыстыка. Ва ўсіх постсавецкіх краінах у 90-я гады стала фарміравацца праблема гіперсмяротнасці мужчын. Асабліва ў працаздольным узросце. І Беларусь не стала выключэннем.

Адна з прычын заключаецца ў тым, што жылі дрэнна, не маглі рэалізавацца і з-за гэтага шмат пілі. Сёння сітуацыя не моцна змянілася.

– Часта бывае так, што мужчыны да 30-40 гадоў аказваюцца ў непрымальнай для сябе сацыяльнай ролі. Так пачынаюцца праблемы з вызначэннем свайго месца ў жыцці, з разуменнем самога сябе. Бягучыя праблемы часам падштурхоўваюць мужчыну адарвацца ад рэальнасці за кошт спажывання алкаголю, – тлумачыць намеснік дырэктара па медыцынскай частцы рэспубліканскага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей Восіпчык.

Таму ў цяперашніх эканамічных рэаліях мяняць сацыяльныя ролі і, напрыклад, прымусова адпраўляць мужчын у дэкрэтны адпачынак нельга. Дактары   кажуць, што гэта можа толькі нашкодзіць. Не наўпрост, вядома, а ўскосна.

Асноўныя фактары, якія негатыўна адбіваюцца на здароўе мужчын, гэта п’янства, курэнне і гіпертанія. У жанчын з гэтым значна менш праблем, распавёў намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы рэспубліканчкага цэнтра “Кардыялогія” Аляксандр Пацееў.

 – Каля 28% смяротных зыходаў ад праблем з сістэмамі кровазвароту звязаныя са спажываннем алкаголю. Калі прыбраць спіртное, то Беларусі ўдалося б на чвэрць знізіць смяротнасць ад кардыялагічных захворванняў. Такая ж сітуацыя і па тытуню, – упэўнены Аляксандр Пацееў.

Асноўныя фактары рызыкі

захворванняў стстэм крывазвароту

Месца Фактар Працэнт хворых
1 Алкаголь 21%
2 Табак 19,7%
3 Гіпертанія 16%
4 Халестэрын 16%
5 Атлусценне 8%
 6 Недастатковая фізічная актыўнасць 5 %

Па словах дактароў, каб выправіць статыстыку ў будучыні, трэба ўжо сёння адвучаць моладзь ад негатыўных паводніцкіх стэрэатыпаў у грамадстве.

– У масавай свядомасці ёсць шаблон адпачынку – пасля працы з сябрамі ўжыванне алкаголю. Гэта не зусім спрыяльны паводніцкі стэрэатып. Неабходна яго мяняць. Альтэрнатывай могуць стаць сустрэчы з сябрамі ў спартзале, на спартыўнай пляцоўцы, – прапануе Сяргей Восіпчык.

Ён абверг довад аб тым, што ў малых дозах алкаголь бывае нават карысны. А спіртное разам з тэстастэронам можа быць нават небяспечным.

Справа ў тым, што жанчыны і мужчыны па-рознаму спраўляюцца са стрэсавымі сітуацыямі. Дзяўчаты часта здымаюць эмацыянальнае напружанне простымі размовамі з сяброўкамі. Хлопцаў ж з дзяцінства вучылі не скардзіцца на жыццё, а спраўляцца з праблемамі іншымі спосабамі. Гэта дэструктыўна для здароўя.

– Прыкметы дэпрэсіі у мужчын – гэта агрэсіўныя і авантурныя паводзіны. Так яны спраўляюцца са стрэсам, –  тлумачыць Сяргей Восіпчык. – Таму ім таксама трэба не саромецца абмяркоўваць з іншымі свае праблемы і пры неабходнасці звяртацца да псіхатэрапеўта.

Галоўны пазаштатны уролаг Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Строцкий звярнуў увагу на яшчэ адну праблему: пасля 30 гадоў у мужчын паступова зніжаецца ўзровень тэстастэрону, і да 50 гадоў у паловы з іх пачынаюцца праблемы з патэнцыяй. Тут усяму віной не гэтулькі алкаголь, колькі стрэсы.

– Многія называюць гэта крызісам сярэдняга ўзросту. Нічога падобнага. Проста нельга сядзець у офісе за кампутарам 24 гадзіны ў суткі ці пяць гадоў не хадзіць у адпачынак. Не будзе адпачынку – будуць праблемы, – кажа Аляксандр Строцкі. – Давайце возьмем самага крутога мачо з добрым узроўнем тэстастэрону і дамо яму разгрузіць вагон солі. Я пагляджу, будзе ў яго патэнцыя пасля гэтага ці не.

Сядзячая праца павышае рызыку захворвання прастатытам. Сёння кожны другі мужчына да 60 гадоў пакутуе гэтай праблемай.

– За кампутарам ўсе сядзяць суткамі, з нарад не выходзяць гадзінамі – і ўсё гэта адбіваецца на ўзнікненні запаленчых працэсаў, – канстатуе уролаг. – Пры з’яўленні першых сімптомаў не варта чакаць, што ўсё само пройдзе. Трэба ісці да доктара, а не ў краму, каб купіць “сто грамаў” для барацьбы са стрэсам.

Па-першае, не дапаможа. Па-другое, можа нашкодзіць яшчэ больш. Даказана, што алкаголь і тытунь дрэнна ўплываюць на якасць спермы і становяцца адной з прычын эрэктыўнай дысфункцыі. У некаторых выпадках не дапамагае нават “Віягра”.

Па словах уролага, сёння ў кожны дзесятай маладой сям’і ўзнікаюць праблемы з зачаццем дзіцяці. І ў палове выпадкаў прычына крыецца ў здароўі мужчыны, а не жанчыны, як было раней.