Энтузіясты рыхтуюць да выдання чатыры тамы мемуараў славутага Міхала Клеафаса Агінскага. Але пакуль не хапае грошай, каб перакласці чацвёрты, апошні том.
– Калі гэты том будзе перакладзены, можна пачынаць выданне кніг, – кажа Зміцер Рагачоў, каардынатар праекта “Эпоха князя Міхала Клеафаса Агінскага”. – Праца ідзе ўжо каля двух гадоў. Перакладзеныя першыя тры тамы мемуараў, а таксама “Мая біяграфія” і “Назіранні за падзеямі … у 1830 – 31 гадах. Яны таксама будуць выдадзеныя разам з мемуарамі. Перакладам займаўся Вольф Рубінчык – палітолаг, перакладчык, даследчык.
Плануецца, што электронная версія выдання з’явіцца праз паўгода пасля заканчэння збору грошай, друкаваная – у верасні 2017 года. Плануюць друк у літоўскім выдавецтве.
Дапамагчы праекту можна тут.
Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833) – кампазітар, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, удзельнік паўстання Касцюшкі, аўтар знакамітага паланэза “Развітанне з Радзімай”.