Хто лепш за ўсё арыентуецца ў сучаснай літаратуры рэгіёна? Напэўна, тыя, хто яе стварае, выкладае і прапануе чытачу.

Таму на “круглы стол” “Перспектывы развіцця літаратуры ў рэгіёне” мы запрасілі паэтак з Маладзечна Таццяну Атрошанку, Марыю Бельскую, Святлану Капуцкую, паэта з  Вілейкі Уладзіміра Цануніна. Прынялі ўдзел таксама настаўніца беларускай мовы і літаратуры маладзечанскай школы №2 Таццяна Іваненка і загадчыца інфармацыйнага аддзела цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Багдановіча Таццяна Закрэўская.

Літаратура ў Вілейцы. Дзень сённяшні

Па словах паэта, барда, настаўніка Уладзіміра Цануніна, на Вілейшчыне шмат людзей, здольных да літаратурнай творчасці. Здзіўляе незвычайнай працаздольнасцю Барыс Манцэвіч, які адразу рыхтуе тры кнігі. Шмат піша Мікола Кутас з Ільі. Лепшых вершаў пра каханне, чым Тамара Пунінская з Абадоўцаў, на думку пісьменніка, не стварае ніхто на Вілейшчыне.

Уладзімір Цанунін: Ніколі не лічыў сябе прафесійным паэтам. Фота Наталлі Тур.

Уладзімір Цанунін: Ніколі не лічыў сябе прафесійным паэтам. Фота Наталлі Тур.

Сумяшчае настаўніцкую працу з літаратурай Віктар Кажура. Нядаўна прэзентавала сваю кнігу віляйчанка Людміла Пукела.

Таццяна Атрошанка: пісьменнік павінны крэатывіць

Тэма перспектыў развіцця літаратуры ў рэгіёне – двухбаковая, упэўненая паэтка Таццяна Атрошанка:

– Калі ў мяне спытаюць, ці ёсць таленавітыя людзі ў нашых мясцінах, я адкажу: адназначна ёсць. Іншая справа, што іх трэба заўважыць. А заўважыўшы, падтрымліваць. Няхай сённяшні “круглы стол” прывядзе нас да творчага чалавека.

На думку Таццяны Атрошанкі, некаторым талентам часам не хапае крэатыўнасці. А яна патрэбная, каб быць пачутым і цікавым чытачу.

 Сённяшняе жыццё, лічыць Таццяна, патрабуе ад пісьменніка дынамікі і развіцця, стварэння новых форм, цікавых праектаў:

– Я не кажу, што традыцыйнасць – гэта дрэнна. Традыцыйнасць – гэта надзейна.

Таццяна Атрошанка: Пісьменнік павінны крэатывіць. Фота Наталлі Тур.

Таццяна Атрошанка: Пісьменнік павінны крэатывіць. Фота Наталлі Тур.

 У традыцыйным рэчышчы сёння ў Маладзечне ствараюць Тамара Аўсянікава, Тамара Бярэзіна, Святлана Капуцкая, Алег Шчукін і іншыя.

Наватарамі, на думку паэткі, можна лічыць пісьменніка Валерыя Маркелава і мастака Васіля Бурава. Яны аб’ядналіся і стварылі праект “Маляванае слова”.

Сярод нетрадыцыйных творцаў асабліва вызначыўся  маладзечанец Уладзімір Садоўскі. Пра Міхала Клеафаса Агінскага малады пісьменнік расказаў у жанры зомбі-хорара “1813” з мерцвякамі ды іншымі фантастычнымі істотамі. Ужо выйшла электронная кніга.

– Я не ведаю, ці прачытала б я звычайны гістарычны раман пра Агінскага, – далучылася да размовы пісьменніца Марыя Бельская, – а вось твор Садоўскага ўжо пачала і ведаю: прачытаю.

Як крытыку казаць сваё “фі”

У ходзе “круглага стала” ўзнікла пытанне, якой павінна быць літаратурная крытыка.

На думку Уладзіміра Цануніна, не варта замоўчваць нейкія відавочныя хібы ў літаратурным творы. Па словах паэта, ён таксама можа даволі рэзка выказацца, калі бачыць, што твор зусім слабы.

– Аляксей Пысін некалі казаў, што калі ў вершы ёсць хоць адна дзеяслоўная рыфма, яго трэба скамячыць і выкінуць.

Святлана Капуцкая: Крытыка павінна быць тактоўнай.

Святлана Капуцкая: Крытыка павінна быць тактоўнай.

Паэтка Святлана Капуцкая пачала пісаць у сталым узросце. І, па яе словах, не была падрыхтаваная да сур’ёзнай крытыкі. Першапачаткова вельмі крыўдзілася, калі ёй гаварылі пра недахопы ўласных твораў. Пасля зразумела, што на крытыку не варта крыўдаваць. Але ўсё ж яна павінна быць тактоўнай:

– І сёння непрыемна ўспамінаць, калі я чытала свае творы, а з-за спіны чула крыўдныя выказванні.

Таццяна Атрошанка, па яе словах, працуючы ў аб’яднанні “Агмень” пры Палацы культуры,  была лагодным крытыкам.

– Некалькі разоў да мяне прыходзіла дзяўчына з вершамі. Першы раз я прачытала і сказала: не тое. І ў другі раз так. А вось у трэці раз ужо было “тое”. Уладзіміру Садоўскаму я таксама казала сваё “фі”. І ў выніку твор атрымаўся цікавы.

Хто ён – прафесійны пісьменнік?

Што сведчыць аб прафесійнасці пісьменніка. Прыналежнасць да літаратурных арганізацый? Прэміі? Колькасць кніжак? На гэты конт думкі разышліся.

­– Дакладна не прэміі, – лічыць Уладзімір Цанунін. Любая прэмія – гэта латарэя.

А вось, калі пісьменнік сваёй творчасцю можа зарабляць грошы, яго можна разглядаць як прафесійнага. Бо тады літаратура – гэта прафесія, якая прыносіць грошы.

Па словах Таццяны Атрошанкі, прафесійнасць пісьменніка – гэта ўсё ж маральны аспект. Калі паэт мае шмат прыхільнікаў сваёй творчасці, гэта і сведчыць аб прафесіяналізме.

Марыя Бельская: Сёння пісьменніку трэба быць яшчэ і маркетолагам.

Марыя Бельская: Сёння пісьменніку трэба быць яшчэ і маркетолагам.

– Сёння прафесійны пісьменнік павінны быць яшчэ і маркетолагам. Сам “прасоўваць” сваю творчасць у час сустрэч, акцый, пляцовак у інтэрнэце, – падзялілася сваімі назіраннямі Марыя Бельская.

Як пісьменніку выступаць перад чытачамі?

Уладзімір Цанунін:

– Я часта выступаю ў школах і нават у дзіцячых садках. Каб не было сумна, заўсёды бяру з сабой гітару і вершы чаргую з песнямі. Звычайна мы выступаем разам з пісьменнікамі Віктарам Кажурам і Ірынай Карнавухавай. Ніхто з нас не паўтараецца. Ірына чытае дзецям уласныя казкі. Віктар Кажура гуляе з імі. Ён мае шмат вершаваных гульняў. Самая лепшая ўдзячнасць, калі ў канцы сустрэчы гэтыя малыя бяззубыя дашкольнікі цягаюць цябе за пінжак і просяць пачытаць яшчэ.

Марыя Бельская:

– Галоўнае, выступаць з душой. Можна і гадзіну вершы чытаць. Але пытанне: як? Проста “бу-бу-бу” ці неяк незвычайна. Важна таксама  знайсці сваіх слухачоў. Памятаю, як я выступала ў Палацы культуры і сказала, што мне падабаецца фэнтэзі. І гляджу: у некалькіх дзяўчынак у зале вочкі загарэліся. Тады зразумела: гэта мае слухачы.

Кнігу разгорнеш – а чытаць няма чаго

Калі паэт знаходзіцца толькі ў коле паэтаў, гэта няправільна, лічыць загадчыца аддзела інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча Таццяна Закрэўская.

Таму бібліятэка праводзіць шмат літаратурных мерапрыемстваў. Іх мэта – пазнаёміць дзяцей з творцамі рэгіёна і з сучаснай літаратурай увогуле.

– Мерапрыемствы мы ладзім у форме інтэлектуальных гульняў і віктарын. Тут жа, на выставе, прадстаўляем кнігі. Пагартаўшы іх, удзельнік можа адказаць на прапанаванае пытанне.

Таццяна Закрэўская: Бываюць такія выпадкі, што кнігу разгорнеш, а чытаць няма чаго.

Таццяна Закрэўская: Бываюць такія выпадкі, што кнігу разгорнеш, а чытаць няма чаго.

Каб наблізіць творцаў да чытачоў, бібліятэка зладзіла акцыю “Маладзечаншчына літаратурная”. Разам з творцамі рэгіёна супрацоўнікі бібліятэкі ездзяць выступаць у вёскі Маладзечанскага раёна. Нядаўна сустракаліся з чытачамі ў Селеўцах і Хоўхлаве.

Па словах Таццяны Закрэўскай, у час такіх выступленняў яна заўважае, што на вёсцы ў людзей больш трапяткія адносіны да пісьменнікаў. На іх пазіраюць з павагай і захапленнем.

Часам творцы прыносяць свае кнігі ў бібліятэку, прапануюць набыць.

– Калі кніга добрая, мы заўсёды ідзём насустрач, – распавяла Таццяна Іванаўна. – Але бываюць і такія выпадкі, што кнігу разгорнеш – а чытаць няма чаго. Такія творы мы, канешне, не можам паставіць на паліцы бібліятэкі.

Літаратура ў школе: чаму дзеці не ведаюць маладзечанскіх паэтаў

Калі пытаешся ў дзяцей, якіх паэтаў, звязаных з Маладзечаншчынай, вы ведаеце, называюць Янку Купалу і Максіма Багдановіча. Кажуць, ён недзе тут побач быў.

– Дзякуй Богу, хоць гэтых ведаюць. А пра сённяшніх паэтаў яны ўвогуле нічога не чулі, лезуць пытацца ў гугла, – расказала настаўніца маладзечанскай школы №2 Таццяна Іваненка.

Таццяна Іваненка: Зацікаўленасць вучняў літаратурай залежыць ад асабістай ініцыятывы настаўніка.

Таццяна Іваненка: Зацікаўленасць вучняў літаратурай залежыць ад асабістай ініцыятывы настаўніка.

Па словах настаўніцы, у школе дзеці прывыклі чуць пра пісьменнікаў як пра людзей, якія некалі даўно жылі і пісалі. Калі ж пачынаеш знаёміць з творамі сучаснікаў або з самімі сённяшнімі творцамі, дзеці кажуць: “О! Дык яны ж звычайныя, жывыя”.

Папулярызацыя беларускай літаратуры шмат у чым залежыць ад асабістай ініцыятывы настаўніка:

– У суботу я на дзень пакідаю ўласных дзяцей і мужа, бо разам з вучнямі еду ў Мінск на літаратурны конкурс “Паэтычны ветразь”, – падзялілася сваімі планамі Таццяна.

Малая колькасць урокаў літаратуры на тыдзень –  балючая тэма, дзеліцца настаўніца. Цяжка даць “Новую зямлю” Якуба Коласа за два ўрокі. Прычым адзін з іх ідзе на біяграфію пісьменніка.

Настаўніца сказала, што хочацца, канешне, знаёміць і вучняў, і ўласных дзяцей з творамі сучаснай літаратуры. Але гэта жаданне адразу знікае, калі заходзіш у кнігарню і бачыш, якіх грошай каштуе тоненькая беларускамоўная кніжка ў мяккай вокладцы.