Жанчыну пакаралі, але вяртаць грошы давя­дзецца даверлівым пацярпелым.

Махлярства па банкаўскіх крэдытах застаецца актуальнай праблемай. Ад гэтага злачынства церпяць і тыя, хто выдае крэдыт, і тыя, хто яго бярэ.

Схема махлярскага крэдыту простая і не патрабуе ніякіх хітрыкаў. Многія з нас сутыкаюцца з падобнымі сітуацыямі. Сябры, сваякі, калегі ці проста знаёмыя просяць узяць крэдыт на сваё імя ці стаць паручыцелямі перад банкам, у якім збіраюцца браць крэдыт самі. Але не ўсе разумеюць, што бяруць на сябе адказнасць за выкананне абавязкаў перад банкам.

У ліпені суд Мала­дзечанскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў адносінах А. і вынес ёй абвінаваўчы прысуд. Яна ад студзеня 2012 года да верасня 2013 праз махлярства атрымала 5 429 рублёў на сённяшнія грошы.

Жанчына была ў надзвычай цяжкім фінансавым становішчы, але ўпэўнівала знаёмых заключыць крэдытныя дагаворы ў розных банках Маладзечна.

Крэдытныя грошы ахвяры аддавалі махлярцы за нязначнае ўзнагароджанне. А тая абяцала спраўна выплачваць за крэдыт. Але, атрымаўшы грошы, А. прысабечвала іх і распараджалася, як лічыла патрэбным.

Абвінавачаную пазбавілі свабоды. Але вяртаць грошы па крэдытах і выплачваць працэнты павінны пацярпелыя.

Каб абараніць сябе ад махлярства, не давайце свае грошы іншым нават за ўзнагароджанне.