Спрэчка вакол абмеркавання кірзавых ботаў, з-за адсутнасці якіх цяжкую траўму атрымала супрацоўніца маладзечанскага водаканала, працягваецца.

Сёння мы публікуем пазіцыю “Маладзечнаводаканала”.

Начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніс Томашаў фактычна абвінаваціў “Маладзечнаводаканал” у няшчасным выпадку з кантралёрам. Нагадаю, што ў лютым работніца атрымала траўму сцягна на Цэнтральнай плошчы ў Маладзечне, калі заносіла рабочыя дакументы ў райвыканкам.

Начальнік інспекцыі лічыць, што прадпрыемства магло замяніць “кірзачы” больш элегантным абуткам. Ну так, маглі абуць у валёнкі з галошамі. І яна ці ў кірзачах, ці ў валёнках павінна была б праверыць работу водалічыльнікаў у 30 кватэрах. Яна працуе кантралёрам 24 гады, і ніколі не атрымоўвала кірзавыя боты. Толькі ў 2013 годзе папрасіла 45 памеру, але наймальнік выкрасліў іх са спісу.

Навошта ёй такі памер? Мужу? Акрамя ботаў, павінна быць каска, якую жанчына з сабой не насіла.

Прадпрыемства гатова кампенсаваць 32 тысячы дэнамінаваных рублёў, але пры ўмове, калі бу­дзе даказана, што кантралёр упала і атрымала траўму менавіта з-за таго, што была без кірзавых ботаў.

У заключэнні вызначылі небяспечны вытворчы фактар – у пацярпелай не было кірзавых ботаў. Але падобны небяспечны вытворчы фактар адсутнічае ва ўсіх нарматыўных дакументах. І нават Міністэрства ЖКГ не дало яснага тлумачэння, калі кантралёрам абуваць боты: пры праверцы кватэр ці перамяшчэнні па плошчы.

Калі пагадзіцца з інспекцыяй, то ўсе жыхары горада, якія ідуць у выканкам, каледж і іншыя ўстановы, павінны быць у кірзавых ботах ці валёнках з галошамі. 

А пацярпелая пераносіла ўсяго некалькі паперак па Цэнтральнай плошчы, упала каля бардзюра, у некалькіх кроках ад грамадскага прыпынку, лічы на роўным месцы. Можа, яна за бардзюр зачапілася, ніхто ж не высвятляў.

Ці неабходныя кірзавыя боты для плошчы?

Няма прамой прычынна-выніковай сувязі паміж адсутнасцю ботаў і падзеннем. Прычына падзення ўвогуле незразумелая. Яна ўпала, таму што: не было ботаў, не абула іх, дырэктар не выдаў, начальнік не праверыў, слізка, зачапілася, страціла прытомнасць, размаўляла па тэлефоне, а можа, увогуле наўмысна – варыянтаў безліч.

Фота Babyblog.ru.

Фота Babyblog.ru.

У спецрасследаванні інспекцыі не ўлічылі характар работы, якую выконвала кантралёр, няма абгрунтавання, чаму яна павінна была мець спец­абутак. Хіба занесці дакументы ў выканкам – небяспечны фактар і на Цэнтральнай плошчы неабходныя кірзавыя боты?

Падчас спецрасследавання не ўстанавілі парушэнні ў прыборцы плошчы, па ёй былі размеркаваныя супрацьгалалёдныя сродкі.

У той дзень у Мала­дзечне не зарэгістравалі іншыя траўмы. За ўвесь люты было толькі тры траўмы, прычым гэты выпадак у журналах зарэгістраваны не быў. А значыць, не было даследавання на прадмет алкагольнага ап’янення ў той момант. Для выплаты кампенсацыі, паводле калектыўнай дамовы, гэта галоўная ўмова.

Стан здароўя пацярпелай таксама не ўдакладнілі.

“Маладзечнаводаканал” выдае бясплатны праязны білет, таму дабрацца да выканкама можа было і аўтобусам.

Інспекцыя не звярнула ўвагу, што раней пацярпелую адхілялі ад працы за грубае парушэнне тэхнікі бяспекі.

Таму высновы ў заключэнні і акце аб няшчасным выпадку лічу неабгрунтаванымі і не пацверджанымі матэрыяламі праверкі, каб незаконна атрымаць з прадпрыемства 32 тысячы рублёў.

Не пужайцеся, калі да вас прыйдзе работнік у чырвонай касцы, валёнках і целагрэйцы, каб праверыць вадамеры на кухні і ў санвузле.