Намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Цар пацвердзіў, што жыхарам ваду паспеюць падключыць у лістападзе. Ён удакладніў, што затрымку з водазабеспячэннем выклікалі складанасці з фінансаваннем.

Адзін з жыхароў “Фестывальнага” Сяргей Вярбіцкі ўспрыняў інфармацыю адначасова і з надзеяй, і з асцярогай. Усё ж забудоўшчыкі чакалі водазабеспячэння пяць год, і тэрмін падключэння некалькі разоў пераносілі.

“Рэгіянальная газета” раней паведамляла, што забудоўшчыкі збіраліся 30 ліпеня для таго, каб падпісаць зварот да прэзідэнта з просьбай пасадзейнічаць у пытанні водазабеспячэння. У раёне індывідуальнай забудовы гэта была самая пільная праблема: без вады цяжка весці будоўлю, што ўжо казаць пра перасяленне.

У раёне забудовы “Фестывальны” занятыя каля 150 участкаў пад будаўніцтва.

Калі ваду паспеюць даць у лістападзе, забудоўшчыкам неабходна будзе атрымаць тэхнічныя ўмовы і выканаць праектныя работы. Па ацэнках Сяргея, праца праекціроўшчыкаў зойме 1-2 тыдні, а самі работы можна паспець выканаць за дзень. Таму ён спадзяецца разам з сям’ёй планаваць пераезд пад новы год.

Фота rh.by

Фота rh.by

– У кастрычніку далі газ, хаця і па дарагім тарыфе. Калі і ваду дадуць, можна ўжо бу­дзе жыць, – гаворыць забудоўшчык.

Але ў жыхароў ёсць пытанне: адна вуліца па праекце размешчаная па іншым контуры, і ці атрымаюць ваду гэтыя жыхары, пытанне.

Вадзім Цар на гэта адказаў, што ваду атрымаюць і яны, але, верагодна, пазней.

Забудоўшчык, бе­зумоўна, рады навіне, але “Фестывальны” чакаў вады пяць год. І гэты час многія сем’і жылі ў сціплых квадратах замест таго, каб пераехаць ва ўласны дом. Калі жыхары атрымаюць ваду ў новы тэрмін, ім яшчэ давядзецца чакаць пракладкі каналізацыі і дарог.