Раніцай 18 лістапада ў судзе Партызанскага раёна Мінска пачалося пасяджэнне па гучнай справе мытнікаў з Каменнага Логу.

Вясной 2015 года некалькіх дзясяткаў супрацоўнікаў пункта пропуску “Каменны лог” затрымалі. Гучалі абвінавачанні ў карупцыі і хабарніцтве, арганізацыі наладжанай схемы па нясплаце мытных плацяжоў. Затрыманні прайшлі ціха – упершыню інфармацыя была агучаная толькі праз некалькі дзён Лукашэнкам на сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнага мытнага камітэта. Нелегальны прыбытак мытнікаў, заяўляў Лукашэнка, ішоў на мільёны даляраў. Пазней у КДБ паведамілі, што па месцы жыхарства ўдзельнікаў групы канфіскавалі больш за $2,2 мільёна наяўнымі.

У дачыненні мытнікаў узбудзілі 5 крымінальных спраў.

Былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Нівяркевіча асудзілі ў снежні 2015 года. Ён атрымаў 7 гадоў: Нівяркевіча прызналі вінаватым у хабарніцтве ў асабліва буйным памеры. А ў сакавіку 2016 года прысуд змянілі, скасаваўшы адзін год.

А цяпер ідзе наступнае пасяджэнне па справе. На лаве падсудных 5 чалавек. Яшчэ 6 абвінавачаных у зале, яны пад хатнім арыштам.

У клетцы і Алесь Юркойць, чыё затрыманне стала нечаканасцю. Юркойць не толькі мытнік, ён вядомы краязнаўца з Астравеччыны, актыўны грамадскі і культурны дзеяч свайго краю.

Юркойцю, як і іншым абвінавачаным, пагражае да 15 гадоў.