Дар’я вучыцца на трэцім курсе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2014 годзе яна скончыла Кольчунскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт педагогікі і псіхалогіі ўніверсітэта ў Баранавічах.

У школьныя гады спортам не захаплялася, а пра армрэслінг мела цьмянае ўяўленне. Калі паступіла на вучобу, даведалася, што ва ўніверсітэце ёсць такая секцыя. Пайшла займацца на першым курсе. Уцягнулася. Зараз Даша трэніруецца шэсць, а то і сем дзён на тыдзень па 2-3 гадзіны. Пры гэтым яна паспявае добра вучыцца: сярэдні бал за летнюю сесію – 9.

– Акрамя спорту і вучобы больш ні на што часу не застаецца, – распавядае Дар’я, – трэніроўкі забіраюць шмат часу, а таму іншых захапленняў проста няма.

Свой першы медаль яна заваявала на першынстве Беларусі сярод юніёраў і юніёрак ў 2015 годзе ў катэгорыі да 60 кілаграм (2 месца). У 2016 таксама заняла 2 месца ў катэгорыі да 55 кілаграм.

Фота osh.by.

Фота osh.by.

Пра яе дасягненні кажуць такія факты: у 2015 годзе на кубку Рэспублікі Беларусь яна заняла 7 месца, а ўжо праз год, на гэтым жа першынстве, Дар’я займае першае месца і становіцца майстрам спорту.

– Перамога на чэмпіянаце Беларусі дае магчымасць удзельнічаць у чэмпіянаце Еўропы і свету – распавядае Дар’я. – Дзякуючы падтрымцы нашага ўніверсітэта, я змагла прыняць у іх удзел. На чэмпіянаце Еўропы я заняла 4 месца на левую руку і 5 на правую. Падрыхтоўка да чэмпіянату свету доўжылася на працягу ўсіх летніх канікул, так што адпачынку не было ні ў мяне, ні ў трэнера. Штодзённыя трэніроўкі па 2-3 гадзіны  – і вынік не прымусіў сябе доўга чакаць  – 3 месца на чэмпіянаце свету.

Мама чэмпіёнкі спачатку была супраць. Ёй хацелася, каб дачка абрала для сябе больш жаночы від спорту. А яшчэ, ёй як і ўсім мамам, не падабаецца, што дачка худнее. За час падрыхтоўкі да чэмпіянату свету скінула 7 кілаграмаў. Але цяпер змірылася з выбарам сваёй чэмпіёнкі.

– Калі я заваявала бронзу на чэмпіянаце свету, мама вельмі радавалася, – распавядае Дар’я. – Яшчэ майму поспеху радаваліся браты і сёстры. А больш у Ашмянах наўрад ці хто ведае пра мяне. Многія знаёмыя на радзіме нават не падазраюць, што я ўдзельнічала ў спаборніцтвах сусветнага ўзроўню.

Дар’я са шматдзетнай сям’і, у яе ёсць два браты і дзве сястры. Сама яна ніколькі не перажывае, што з-за заняткаў армрэслінгам яе рукі сталі больш і не па-дзявочы моцнымі.

Фота osh.by

Фота osh.by

Даша – перавучаная ляўша, таму правая рука ў яе больш тэхнічная, а левая – больш моцная. Раней Дашы было лягчэй змагацца на правую руку, а цяпер – на левую. Левай рукой Дар’я заваявала больш перамог, у тым ліку і бронзу на чэмпіянаце свету.

Дар’я паставіла для сябе мэту – займацца армрэслінгам, пакуль не стане майстрам спорту міжнароднага класа. Але і пра сваю будучую прафесію яна не забывае. Пасля заканчэння ўніверсітэта зможа працаваць выкладчыкам геаграфіі і экалогіі ў школе або эколагам на прамысловым прадпрыемстве.

– Спорт – гэта не проста заклад даўгалецця, выдатнага самаадчування, а такім чынам і добрага настрою, проста модны кірунак, – упэўненая наша зямлячка Дар’я Яцкевіч.